У Менску пройдзе першы фэстываль акустычнай музыкі «Травень»
3796 / 0
24.03.2014

У Менску пройдзе першы фэстываль акустычнай музыкі «Травень»

На фэстывалі будуць прадстаўленыя самыя цікавыя беларускія каманды і выканаўцы, якія працуюць у плыні акустычнай музыкі. У першы тыдзень продажу можна набыць квіткі па самым мінімальным кошце.

Да заснаваньня фэстывалю «Травень» спрычыніліся інтэрнэт-партал Tuzin.fm, грамадзка-культурная кампанія «Будзьма беларусамі!» і творчая каманда паб-клюбу «Графіці», якія разам ужо праводзілі сэрыю канцэртаў «Тузін.Unplugged/Жывы Тузін», а таксама фэстываль «Пікнік.by-2012».

«Мы вырашылі, што гэты канцэртны сэзон трэба скончыць асаблівым канцэртам, а яшчэ лепей фэстывалем, каб сабраць разам улюбёных музыкаў-сонграйтэраў, найлепшых прадстаўнікоў бард-року, гурты, якія з дапамогай толькі акустычных інструмэнтаў дасягаюць неверагоднага гучаньня. Так і сфармаваўся лайн-ап першага беларускага акустычнага фэсту», — кажа галоўны рэдактар Tuzin.fm Сяргей Будкін. «Наш клюб заўсёды быў добрай пляцоўкай для акустычных выступаў. Але калі кожны з выступоўцаў пачынае зьбіраць аншляг, сумясьціць у адным канцэрце хаця б двух становіцца складана. Таму мы вырашылі, што прысьпеў час правесьці фэстываль з удзелам самых цікавых акустычных гуртоў на большай пляцоўцы», — дадае арт-дырэктар «Графіці» Андрэй Лазук.

Такім чынам, «Травень» пройдзе на сцэне клюбу «Мулен Руж» 18 траўня. Яго ўдзельнікі будуць прадстаўляцца паступова з 1 красавіка на сайтах Tuzin.fm, Budzma.by і Graffiti.by. Між тым, для тых, каму даспадобы ідэя арганізатараў фэсту, ужо могуць набыць квіткі на танцпляц. Да абвяшчэньня ўдзельнікаў кошт уваходу будзе самым мінімальным — 70 000 руб. (без камісіі, толькі праз паб-клюб «Графіці»). Ад красавіка квіткі будуць даражэць.

Інфалінія фэсту «Травень»: 638-44-44 (мтс, velcom, life)

Лёга фэсту: студыя дызайну «Адліга»

Tuzin.fm