!OUT: «Касьмічная сьцюардэса» Марыя Пахоменка (фота, відэа)
3338 / 2
28.03.2014

!OUT: «Касьмічная сьцюардэса» Марыя Пахоменка (фота, відэа)

25 сакавіка магло б споўніцца 77 гадоў Марыі Пахоменка. Сьпявачкі ня стала летась. Песьню ў яе выкананьні «Стоят девчонки…» ведаюць усе. Але факт пра тое, што зорка савецкае эстрады 1960—1970-х мела непарыўную сувязь зь Беларусьсю, для многіх стане адкрыцьцём.

НАРАДЗІЛАСЯ Ў ЛЮТНІ

У Савецкім Саюзе неяк было непрынята знакамітым людзям распавядаць пра сваё паходжаньне — тады ўсе былі «савецкія». Як ня надта паведамлялася пра тое, што, напрыклад, Уладзімер Мулявін родам са Сьвярдлоўску, так і не раскрывалася сапраўднае месца нараджэньня Марыі Пахоменка. Ці то з падачы тагачасных СМІ, ідэолягаў, намэнклятуршчыкаў, ці то па просьбе калямузычных дзеячоў — дырэктараў, арганізатараў, імпрэсарыё… Прынамсі, на кружэлках Марыі Пахоменка й у тагачасых даведніках пазначалася, што сьпявачка нарадзілася ў Ленінградзе. Насамрэч жа, Марыя Леанідаўна Пахоменка зьявілася на сьвет у беларускай вёсцы Лютня, што на Краснапольшчыне, 25 сакавіка 1937 году. Пра яе дзяцінства, зрэшты, мала, чаго вядома. Сьпявачка, увогуле, рэдка давала інтэрвію. Калі супаставіць факты, то шматдзетная сям’я Пахоменкаў яшчэ да пачатку вайны пераехала зь Беларусі ў Піцер і перажыла тут блякаду.

САМА СТВАРЫЛА ПЕРШЫЯ ГУРТЫ

Ня маючы ніякае музычнае адукацыі, яшчэ ў школе Марыя Пахоменка стварыла дзявочы квартэт, які выконваў акапэльныя нумары альбо сьпевы пад гітару. Вакальны калектыў Пахоменка сабрала й у радыётэхнічным тэхнікуме, куды паступіла пасьля школы. Рэпэтаваць група любіла ў высокіх піцерскіх арках. У 1956 годзе ў Ленінградзе ствараўся гарадзкі моладзевы ансамбаль. Марыя й ейны квартэт прайшлі адбор, зьдзівіўшы журы выдатна пастаўленымі галасамі. З гэтым ансамблем Пахоменка ўдзельнічала ў VI Сусьветным фэстывалі моладзі і студэнтаў у Маскве.

Відэа: Марыя Пахоменка сьпявае «Песенку космической стюардессы», «Голубой огонёк», 1965

АБАРАНЯЛА МУЖА АД АНТЫСЭМІТАЎ

У моладзевым ансамблі Марыя Пахоменка пазнаёмілася з мужам і пастаянным аўтарам Аляксандрам Колкерам. Ён і ўпэўніў жонку распачаць сольную кар’еру. Дзякуючы, відаць, сужэнцу, сьпявачка ўсё ж такі атрымала і музычную адукацыю, скончыўшы вучэльню імя Мусаргскага. Колкер сам распавядаў, што Марыя абараняла яго ад хуліганаў, антысэмітаў, а сваю вернасьць мужу тлумачыла менавіта беларускай крывёй.

На фота: Марыя Пахоменка і Аляксандар Колкер

ВЫСТУПАЛА НА MIDEM

Самыя слаўныя перамогі Марыі Пахоменка прыйшліся на канец 1960-х — пачатак 1970-х гг. Паколькі ў СССР было прададзена болей за два з паловай мільёны ейных плытак, сьпявачка заняла першае месца на Міжнародным конкурсе грамзапісаў MIDEM-1968 у Кане. Не абышлося без кур’ёзаў: на рэпэтыцыі Марыя прыняла францускага кінакампазытара Франсіса Ле за бяздомнага жабрака, бо для сяброў Саюзу кампазытараў СССР даўгія валасы і драныя джынсы, як у месье Ле, былі нехарактэрныя. А падчас канцэрту вядоўца-француз прадставіў Марыю такім чынам: «Зараз выступіць артыстка з краіны, якую вы адгадаеце самі. Я толькі скажу, што гэтая краіна вінная ўсяму сьвету мільёны ды мільёны аўтарскіх». Тым ня менш, публіка прыняла піцерскую беларуску зь вялікай прыхільнасьцю. Нагадаю, што «Песьняры» патрапілі на MIDEM толькі праз 8 гадоў пасьля Марыі Пахоменка.

ПЕРАМАГЛА НА «ЗАЛАТЫМ АРФЭІ»

У 1971 годзе Марыя Пахоменка першай з савецкіх эстрадных сьпявачак атрымала Гран-пры на міжнародным конкурсе «Залаты Арфэй» у Баўгарыі.

Калі пасьля свайго пераможнага выступу Марыя датэлефанавалася ў Маскву, то клерк Мінкульту СССР адказаў: «Чаго крычыш? Гран-пры, гран-пры… А дзе першая прэмія?» Потым той жа Мінкульт хацеў пакінуць прыз сабе, але Пахоменка адстаяла свайго «Арфэя». Цікава, што нягледзячы на такія заслугі спадарыні Марыі так і не далі званьне народнае артысткі СССР, яна лічылася толькі заслужанай. Праўда, напрыканцы 1990-х беларуска стала народнай артысткай Расеі. Яе таксама называлі «эталёнам рускае душы і рускага мэлізму».

«ПЯШЧОТНАЯ МАША»

У гастрольным графіку Марыі Пахоменка апынуўся ня толькі увесь Савецкі Саюз, ня толькі Францыя ды Баўгарыя, але і Куба, Італія, Нямеччына, Чэхаславаччына, Югаславія, Польшча ды іншыя краіны. Адзін з заходніх журналістаў называў сьпявачку «Пяшчотнай Машай». Мініятурная, з тонкай фігурай, даўжэзнай касой ды іскрыстымі зорнымі вачыма, апранутая па-эўрапейску дзяўчына трымала сябе з шляхетнай годнасьцю і, здавалася, прадчувае нешта такое, пра што ня ведае ніхто.

ЗАПІСАЛА ДЗЯСЯТАК АЛЬБОМАЎ

У дыскаграфіі Марыі Пахоменка можна налічыць больш за 30 пазыцыяў. Першыя апублікаваныя запісы датуюцца 1964 годам, яны дадаваліся да часопісу «Кругозор». Усяго сьпявачка запісала дзясятак дыскаў-гігантаў. Акром таго, яна здымалася ў музычных фільмах і вяла ўласную тэлепраграму. Дарэчы, менавіта Марыю бачылі ў ролі жонкі Штырліца, але тая адмовілася ад здымкаў з-за шчыльнага графіку.

СУПРАЦОЎНІЧАЛА ЗЬ ВЯДУЧЫМІ КАМПАЗЫТАРАМІ

Песьні для Марыі Пахоменка пісалі ня толькі Колкер ды іншыя піцерскія аўтары, але і практычна ўсе найлепшыя эстрадныя кампазытары краіны Саветаў: Фрэнкель, Фельцман, Блантэр, Тухманаў, Пахмутава… Ня грэбавала спадарыня Марыя і песьнямі беларускіх суайчыньнікаў — Лучанка ды Ханка. Сярод кампазытараў беларускага паходжаньня, творы якіх выконвала сьпявачка, — Фрадкін, Калманоўскі, Слонімскі… Апошні ў 1975-м прапанаваў Пахоменка выканаць вакальную партыю ў камэрнай кампазыцыі «Песнохорка« (для кантральто, флейты, габоя, трубы, балалайкі, баяна, лыжак, вібрафона і трох электрагітараў). Цікава, што пазьней у сям’і Пахоменка і Колкера вельмі шанаваліся песьні Шаўчука і Грабеншчыкова.

АГНІ ЛЮТНІ

Беларускі паэт і журналіст Сяргей Панізьнік у сярэдзіне 1960-х вучыўся ў Львове, куды аднойчы з канцэртам завітала Марыя Пахоменка. Яны пазнаёміліся, пагутарылі. Марыя распавяла пра сваю родную вёску Лютню. Пад уражаньнем ад размовы Сяргей напісаў верш з трох частак «Агні Лютні». Паэт спрабаваў потым неяк перадаць той верш у Піцер, але ж так і не атрымалася. У ягоным зборніку 1979 году «Чало і век» пад загалоўкам вершу пазначана, каму адрасаваны тэкст: «Магілеўчанцы Марыі Пахоменка».

Задумная песьня-паволінка,

радасьць маю ўзьвей.

Сьпявае Марыя Пахоменка —

слухае салавей.

Крылы ў песьні дужыя:

годам ix не суняць…

А скрозь шляхі асмужныя

Лютні агні гараць.

Зноў, калі радыё ўключана,

кліча бяроз гурма

сьціпла i недакучліва:

— Марыйка!

Марыя!

Ма...

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

Марыя Пахоменка сьпявае па-беларуску на Ўсесаюзным тэлефэстывалі «Песьня году — 76».

КАМЕНТАРЫ:

  • Sonnabend / адказаць
    29.03.2014 / 17:14

    Выбачайце, ня змог устрымацца: "Песьню ў яе выкананьні «Стоят девченки…» ведаюць усе". У расейскай мове слова "девчонка" пішацца праз "о". Вельмі лёгка запомніць: праверачае слова "дзяўчо";)

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    30.03.2014 / 19:17

    Дзякуй, паправілі!

  • КАМЕНТАВАЦЬ