Chiefs Band прадстаўляюць новае гучаньне і новую вакалістку (аўдыёпрэм’ера)
2797 / 0
08.04.2014

Chiefs Band прадстаўляюць новае гучаньне і новую вакалістку (аўдыёпрэм’ера)

Гурт Chiefs Band прэзэнтуе на Tuzin.fm сваю новую песьню «Пашкоджаны», запісаную з новай вакалісткай Кацярынай Худзінец.

Кампазыцыя «Пашкоджаны» — першы сынгл з будучага альбому Chiefs Band, над якім цяпер вядзецца праца. Яна сьведчыць пра тое, што музыкі зьмянілі сваё гучаньне, а да ўсяго займелі жаночы вакал. Новую салістку каманды завуць Кацярына Худзінец, яна далучылася да «чыфсаў», калі тыя тэрмінова шукалі замену свайму вакалісту Юрыю Селязьнёву. «Мы мелі некалькі канцэртаў у Расеі, а Юра з сваіх прычынаў ня мог паехаць, так і знайшлі Кацю. Цяпер маем у гурце і Кацю, і Юру!» — тлумачыць лідэр Chiefs Band Алесь-Францішак Мышкевіч.  Зь яго словаў, на будучым дыску будуць задзейнічаны яшчэ некалькі вакалістаў.

«Пашкоджаны» — фактычна кавэр на кампазыцыю «Damaged» амэрыканскага гурту Winery Dogs. Але не зусім. «Мы запісалі сваю вэрсію гэтай песьні, каб паказаць, што наш гурт стаў больш ракешным. Мы зьмянілі сваё гучаньне, але, канечне ж, уплываў джазу не пазбавіліся, гэта застанецца», — кажа Алесь-Францішак. Ён заўважае, што менавіта гэты твор натхніў Chiefs Band на працу над новым матэрыялам, таму вырашылі найперш яго і паказаць. «У гэтай песеньцы распавядаецца пра вельмі сьціплыя адносіны між мужчынам і жанчынай. Усё проста, але галоўнае, каб кожны для сябе тут нешта пачуў. Ды натхніўся на лепшае», — заяўляе лідэр «бульба-фанк аркестру» ды кажа пра сваё жаданьне даць як-небудзь супольны канцэрт з Winery Dogs.

Што да новага дыску Chiefs Band, то ў адрозьненьне ад збольшага інструмэнтальнага дэбютніку «Jazz Pirates», ён будзе песенным, пераважна беларускамоўным. Яго рэліз мае адбыцца сёлета.

SBTuzin.fm