«Засьпявай.by»: будучыня ёсьць!
3637 / 3
02.05.2014

«Засьпявай.by»: будучыня ёсьць!

34 канкурсанты падалі сваю заяву на конкурс «Засьпявай.by», які праводзіць партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртаньне». Зь іх журы абярэ найлепшых. Зь песьняй пераможцы папрацуе ўкраінскі саўндпрадусар Улад Ярун.

Паводле ўмоваў конкурсу прымаліся заявы ад выканаўцаў ва ўзросьце ад 15 да 25 гадоў. Неабходна было даслаць песьню на верш сучаснага паэта і на сваю, арыгінальную музыку. Шмат хто вершаў не шукаў і прапанаваў да разгляду кампазыцыі ўласнага сачыненьня. Нехта зьвярнуўся да клясыкі, як 17-гадовы сьпявак Раман Волазьнеў, які запісаў песьню на верш Максіма Багдановіча. Нехта ўзяў словы сучасьнікаў, як Віталь Варанко, што паклаў на музыку верш Віталя Рыжкова. На конкурс падаліся як ужо вядомыя сьпевакі, так і пачаткоўцы.

«Мы вельмі задаволены тым, што конкурс зацікавіў такую колькасьць маладых творцаў. Маем сапраўды багаты выбар. Песьні канкурсантаў вельмі абнадзейваюць і падмацоўваюць у думцы, што беларуская мова, беларуская песьня, беларуская паэзія можа натхняць да творчых экспэрымэнтаў», — кажуць арганізатары конкурсу.

Усе песьні ўважліва адслухае журы, якое складаецца ў асноўным таксама з маладых творцаў. У яго складзе: сьпявачка Паліна Рэспубліка, Віктар Рудэнка (сьпявак, кампазытар, лідэр гурта Rostany), музыка і актор Vinsent, Алесь Кот-Зайцаў (вакаліст гуртоў BosaeSonca, Fridance), Уладзь Лянкевіч (паэт, вакаліст гурту Tonqixod), Віталь Рыжкоў (паэт), Алесь Дземідзенка (Re1ikt), Рома Жыгараў (Akute), Алег Хаменка (лідэр гурту «Палац», сустаршыня журы). Журы назаве тройку фаварытаў, зь іх украінскі саўндпрадусар Улад Ярун («Океан Ельзи», «Ляпіс Трубяцкі», «Тік») абярэ тую песьню, зь якой будзе працаваць. Твор будзе сааранжаваны, запісаны ў прафэсійнай студыі ў Менску ды зьведзены ў Кіеве. Пераможцаў таксама чакаюць спэцыяльныя прызы.

Сьпіс удзельнікаў конкурсу «Засьпявай.by»:

Раман Абакумаў, гурт «Няма назвы» (Вікторыя Антоненкава), гурт «Бачу ўпершыню» (Алесь Сьнег), «Групіроўка Белавежская пушча», Bigi, гурт «Час лайна», Паліна Цімохіна (Pauline), Арцём Даманоўскі, Ала Ерашэнка, Fly, Арцём Хандрыка, Юры Касьцень (Sp Kava), «Кашлаты вох», Павел Козіч, Яўген Купчанка, Лізавета Леўчык, Марк Марко, Васіль Мялешка, Мікіта Найдзёнаў, Дзяніс Нікольскі, Зьміцер Новаш, Артур Пажыдаеў, Арцём Шустаў, Аксана Сяргей, гурт Sumarok, Ганна Тарасюк, Раман Волазьнеў, Віталь Варанко, Дар’я Васюковіч, гурт WhatIsYourNameAndy, Лілія Зайкоўская, Пан Ясноўскі (Цімур Ходзін), Тоня Вярцінская, Зьміцер Валенцюкевіч.

Тройка пераможцаў будзе абвешчана да 15 траўня на партале Tuzin.fm.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    02.05.2014 / 22:08

    Хочам наперад сказаць: усе, хто падаў - малайцы!

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    05.05.2014 / 15:27

    Знайшліся яшчэ тры заявы, якія згубіліся праз тое, што лісты з mail.ru часта трапляюць у gmail.com у спам. Цяпер заяваў усяго 34.

  • Dmitry Haletsky
    Dmitry Haletsky / адказаць
    06.05.2014 / 22:20

    :)

  • КАМЕНТАВАЦЬ