«Я вельмі стамілася ад гэтай глупай і таннай папсы». Памяці Элеаноры Язерскай
3286 / 1
17.05.2014

«Я вельмі стамілася ад гэтай глупай і таннай папсы». Памяці Элеаноры Язерскай

Спадарыня Элеанора заўжды жыва цікавілася станам справаў у беларускай музыцы. Яна магла адкрыта сказаць, што ў 75% ўваходзіць пераважна сьмецьце, а зь іншага боку пахваліць рэп-гурт «Чырвоным па белым» ці Indiga.

Элеанора Язерская пайшла з жыцьця на 68-м годзе жыцьця. Артыстку і тэлевядучую знайшлі мёртвай ва ўласнай кватэры ў Менску ўвечары 16 траўня. Паведамляецца папярэдняя прычына сьмерці — сардэчная недастатковасьць. Артыстка жыла адна, кажуць, апошнім часам у яе была дэпрэсія.

Нарадзілася яна 9 ліпеня 1946 году, скончыла Беларускую кансэрваторыю. У 70-х вяла канцэрты ў дзяржаўнай філярмоніі, з таго ж часу працуе на ТВ. Зьяўляецца першым беларускім камэнтатарам. Доўгія годы рабіла праграму на БТ «Салён з Элеанорай Язерскай». Здымалася ў кіно, шмат пісала пра гісторыю беларускага мастацтва.

Спадарыня Элеанора заўжды жыва цікавілася станам справаў у беларускай музыцы. Яе вельмі непакоіла нізкая якасьць айчыннай поп-музыкі і яе поўная адарванасьць ад каранёў. Яна так адкрыта і казала пасьля ўвядзеньня нормы ў 75% беларускай музыкі: «Цяпер з радыёкропак і тэлеэкранаў ліецца паток гаўна, музычнага сьмецьця». Затое яна магла вылучыць «Чырвоным па белым» (хоць рэп-музыку не асабліва шанавала) ці пахваліцца тым, што слухае гурт Indiga з Русяй на чале ды іншых прадстаўнікоў маладой беларускай рок-хвалі. Яе пляменьнік, дарэчы, быў лідэрам беларускамоўнага рок-гурта Termin X.

У лістападзе 2006 году Элеанора Язерская пісала ў сваім камэнтары для «Тузіна Гітоў»:

«Заклік „Слухайце беларускае“ — выдатны. Але дзе гэта беларускае!? Увесь радыё- і тэлеэтэр запоўнены беларускай папсой на расейскай мове. На вялікі жаль, тое, што гучыць паўсюль, можна назваць якімі заўгодна словамі, толькі ня музыкай. Бо зроблена бяз розуму, без душы, бяз сэрца і зусім непрафэсійна. А адкуль узяцца прафэсіяналізму, калі гэтыя сачыненьні запісваюцца на кухнях, а аўтар, які з гонарам называе сабе кампазытарам — элемэнтарна ня ведае нотаў. Калі яго „творы“ ўпадабалі толькі некалькі знаёмых, чаму „гэта“ мусіць слухаць уся краіна???! Я вельмі стаміліся ад гэтай глупай і таннай папсы, ад гэтых бясконцых „зьвездафэрмаў“ і надзвычайнага ваяўнічага непрафэсіяналізму. Таму мяне вельмі ўсьцешыў гіт-парад „Тузін Гітоў“. Няхай тут часьцяком прысутнічаюць недасканалыя запісы. Я разумею, што добрая студыя гуказапісу каштуе шмат грошай. Але ў большасьці кампазыцыяў я чую разумных і думаючых аўтараў, якія неабыякава ставяцца да сьвету і краіны, у якой яны жывуць. Так, ім таксама часьцяком не стае прафэсіяналізму. Але ёсьць шчырасьць, якая ўражвае. У іх творах прысутнічае думка. І пачуцьці з эмоцыямі — навідавоку».

Tuzin.fm выказвае спачуваньні родным і блізкім артысткі.

SB, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    17.05.2014 / 22:37

    Разьвітаньне з Элеанорай Язерскай адбудзецца 18 траўня з 12.00 да 15.00 у файе Белтэлерадыёкампаніі (вул.Макаёнка, 9).

  • КАМЕНТАВАЦЬ