«Рабяты і дзяўчаты, жыць нам тут». На памяць Зьмітра Сідаровіча
3727 / 4
19.05.2014

«Рабяты і дзяўчаты, жыць нам тут». На памяць Зьмітра Сідаровіча

Пайшоў з жыцьця Зьміцер Сідаровіч, музыка, чые песьні прымаліся за народныя.

Зьміцер Сідаровіч меўся граць канцэрт разам зь Любоўю Сівуравай, але на выступ не зьявіўся, на тэлефанаваньні не адказваў. Сябры моцна занепакоіліся. Музыка апошнім часам жыў адзін, дзьверы ў ягоную кватэру ў Зялёным лузе давялося ўзламваць. Зьмітра знайшлі мёртвым, усё было ў крыві. Першае што прыйшло на розум — забойства альбо самагубства. Але гэта вэрсія не пацьвердзілася. Як паведаміла Tuzin.fm сьпявачка Тацяна Матафонава-Грыневіч, папярэдне ўстаноўленая прычына сьмерці — праблема з сасудамі. Цяпер праводзіцца судмэдэкспэртыза.

Зьміцер Сідаровіч пачаў пісаць песьні яшчэ ў 1978 годзе, у 13 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, стаў кандыдатам тэхнічных навук і працаваў вядучым інжынэрам. Пры гэтым яго вабіла беларуская гісторыя, культура, мова, музыка. Песьні на яго вершы пры канцы 80-х сьпяваў рок-гурт «Грамада», а потым заснаваў сваю каманду — «Камэлот» (1991). Адметнасьцю гэтага гурту былі песьні, нібы створаныя ў сярэднявечныя часы. Музыка каманды гучала ў тэлефільмах («Шукальнікі скарбаў», «Беларусь. Лета 1991-га») і на тэлевізіі.

Дэбютны альбом быў названы паводле песьні, якая пасьпела ўжо стаць візытоўкаю гурта — «У краіне талераў». Рэліз меў посьпех — наклад касэтаў у 2000 асобнікаў разышоўся вельмі хутка, ён намінаваўся на «Альбом году» на «Рок-Каранацыі-1996», а потым быў перавыдадзены на CD. У выніку расколу гурта ў 1996 годзе Зьміцер Сідаровіч стаў выступаць сольна, пэўны час граў разам з гуртом «Гаспадары з-пад Вільні» і «Стары Ольса», паўдзельнічаў у запісе іх альбому «Вір» (2001). Акром таго Зьміцер дасьледваў гісторыю музыкі (уклаў даведнік «Вялікія музыкі XX стагодзьдзя»), пісаў вершы (выдаў зборнік «Тры жалуды»), некалькі гадоў ладзіў штотыдзень «Шляхецкую фольк-вечарыну» з музыкай ды скокамі ў ДК МАЗ. У апошнія гады Зьміцер узяўся за запіс і выданьне музыкі для дзетак. Ён спрадусаваў «Дзіцячы альбом» у дзьвюх частак.

Песьні яго аўтарства ўспрымаліся за народныя. Як, напрыклад, сьпеў «А дзе ж тыя ваяры».

«Ня можна быць настолькі талерантнымі, добра б беларусам мець характар, які б нагадваў жалезабэтон, абабіты паралёнам. Гэта значыць ты мяккі да пэўнай мяжы, а потым ужо выяўляеш цьвёрдасьць бэтонную. Усё робіцца, каб не было ў нас сацыяльнаактыўных, каб людзі не праяўлялі ініцыятыву, каб яны заставаліся калёсікамі-вінцікамі, каб нашая дзяржава заставалася і надалей дзяржавай чынавенства», — казаў Зьміцер у адным з сваіх інтэрвію. На пытаньне ці былі думкі пра эміграцыю, Сідаровіч прызнаваўся, што меў такое памкненьне, хутчэй эмацыйнае ў сярэдзіне 90-х, пасьля рэфэрэндуму, а потым падумаў: «У Беларусі ж самая вялікая дыяспара. Усё ж, рабяты і дзяўчаты, жыць нам тут, нікуды не падзенесься. А „туды“ можна езьдзіць на заробкі».

Tuzin.fm выказвае спачуваньні родным і блізкім музыкі.

SB, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    20.05.2014 / 19:15

    Разьвітаньне са Зьмітром будзе 21 траўня, з 9.00 у Сьвята-Петрапаўлаўскім саборы на Ракаўскай, 4. Адпяваньне будзе ў 12.00. Пахаваюць музыку на Заходніх могілках.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    20.05.2014 / 23:29

    Віктар Шніп
    БАЛАДА ЗМІЦЕРА СІДАРОВІЧА
    (2.10.1965—16.05.2014)
    Пра што спяваць? Няма ў цябе пытання.
    Калі спяваць— пра Беларусь спяваць,
    Пра волю вольную і пра каханне,
    Якія ў сэрцы, як страла, сядзяць
    І забіваюць нас штодзённа і штохвілі
    За тое, што жывём, што палюбілі
    Нялёгкі шлях да сонца і крыжоў.
    Іграеш на дудзе, як сто вятроў
    З сівых вякоў праходзяць праз цябе
    У гэты свет, дзе ты сказаў журбе:
    “Ты не мая і мне тваім не стаць!”
    Не стаў і ўжо не станеш аніколі,
    Бо ты сябе змог музыцы аддаць,
    Што павуцінкаю плыве над полем,
    Над беларускім полем, дзе ляжаць
    Героі нашы, пра якіх забыцца—
    Бязлітасна забіць іх яшчэ раз.
    Ты музыкаю стаў, што б’е з крыніцаў,
    Святых крыніцаў, што цякуць праз нас,
    Каб мы жылі і не было пытання,
    Што нам спяваць. Пра Беларусь спяваць,
    Пра волю вольную і пра каханне,
    Якія ў сэрцы, як страла, сядзяць…
    20.05.2014

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    21.05.2014 / 01:23

    ВЕРШ МІКОЛЫ КАНДРАТАВА
    * * *
    Памяці Змітра Сідаровіча
    Галасы – каласы пад сярпом тваім, Божа.
    Песня корміць, як хлеб.
    І ў ліхія часы нават тым дапаможа,
    хто знямеў ці аслеп.
    Нават тым, хто не мае духоўнае цноты
    усвядоміць свой род.
    А народ, што адно – за зямныя даброты,
    ну які ён народ.
    Галасы застаюцца, як душы зямныя,
    што даюцца не ўсім
    у дадатак да той, што памкнецца ў вышыні
    праз сутонне і дым.
    Кожны голас такі нашы лекуе сэрцы
    ад знямогі і ран.
    Кожны голас такі для жывых застаецца,
    як зямны талісман.
    19.05.2014

  • Анатоль Кудласевич
    Анатоль Кудласевич / адказаць
    23.05.2014 / 14:06

    Анатоль Кудласевіч Зміцеру Сідаровічу
    ***
    Зміцеру Сідаровічу.
    Божа мой! Як касіць ты пачаў маіх блізкіх,
    Што ні дзень — хтосьці ў вечнасць сыходзіць, дамоў.
    Ён ішоў праз жыццё да Цябе і ад самай калыскі
    Свае песні спяваў пра бетон Святаянскіх муроў.

  • КАМЕНТАВАЦЬ