Толькі Recha! «Горад» трэці месяц на вяршыні Tuzin.fm
3311 / 0
02.06.2014

Толькі Recha! «Горад» трэці месяц на вяршыні Tuzin.fm

Кліп на песьню «Горад» трэці раз запар сьвяткуе перамогу ў відэачарце на «Тузіне Гітоў».

Калі ў мінулым туры праца Андруся Такінданга ўсяго толькі на два галасы адарвалася ад кліпа «Месяц» гурту «Ляпіс Трубяцкі», што заняў другое месца, то ў сёмым туры роўных «Гораду» не было. Адрыў ад другога месца склаў 80 галасоў! «Вядома, прыемна перамагаць, хоць жыцьцё навучыла спакойна ставіцца да конкурсаў, не пераймацца паразамі, а рабіць сваю справу. А яшчэ хочацца, каб было як мага больш кліпаў — у нас ды ва ўсіх. Добрых і розных!» — кажа Андрусь і дзякуе сваім слухачам і гледачам за інтэрнэт-актыўнасьць.

У лідэра Recha на сёньня ва ўлюбёных відэа вельмі розныя працы — з замежных выканаўцаў яму імпануюць ролікі на песьні гурта Arctic Monkeys, а зь мясцовых ён раіць відэаролік сваіх сяброў — гурту «Нагуаль» на песьню «Хакель джакель».

З навінаў гурта. Recha вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе кавэраў на песьню «Радыё Свабода» ды запісалі сваю вэрсію славутай песьні гурту Ulis. Нядаўна гурт зладзіў вулічны канцэрт, як у старыя добрыя часы, калі музыкі часта гралі на вольным паветры ў Менску. «Сабраўся цэлы натоўп з турыстаў, мінакоў. Павесялялі людзей!» — кажа Такінданг. У найбліжэйшы час дзяліцца пазытыўнымі эмоцыямі Recha будзе на хутары ў Вайцюшках (14 чэрвеня) і ў музэі ў Дудутках (21 чэрвеня).

Tuzin.fm

Тэгi: