Андрэй Дзяркоў: мала крычаць «Беларусь!» (аўдыёпрэм’ера)
3866 / 0
06.06.2014

Андрэй Дзяркоў: мала крычаць «Беларусь!» (аўдыёпрэм’ера)

Лідэр гурта «Майтай» у вялікім інтэрвію распавёў чаму ён кінуў тэлекар’еру на БТ і павесіў на аватарку «Пагоню», прызнаўся, што яго зусім не цікавяць сатырычныя жанры і прадставіў новую песьню па-беларуску, зробленую зь любоўю да Nine Inch Nails.

— Андрэй, ты ж ужо заслужаны і паважаны чалавек, навошта табе дзёргацца на сцэне з электрагітарай. Кажуць табе такое знаёмыя?

— Блізкія людзі ня кажуць, бо яны ведаюць, што музыка заўсёды была часткаю майго жыцьця. Яшчэ да часоў Клюбу вясёлых і знаходлівых. У мяне ў школе ў Баранавічах быў свой гурт — «Ігла». Рабілі песьні ў стылістыцы Цоя, таму назваліся ў гонар фільму, дзе ён зьняўся. Пасьля ўжо ў студэнцкія часы мы заснавалі гурт «Чёрный квадрат». Потым пачаўся КВЗ і я адыйшоў ад музыкі, бо амаль уся энэргія пайшла туды. Як гэта ўсё скончылася, зноў узяў у рукі інструмэнт і стаў пісаць новыя песьні, так і паўстаў у 2005 годзе праект «Тайланд».

— Было сапраўды даволі дзіўна пачуць твае песьні, даволі змрочныя з настрою. Яны абсалютна не адпавядалі твайму вобразу, сфармаванаму целікам.

— Такі кагнітыўны дысананс быў, так?

— Ага.

— Я з гэтым нічога ня мог зрабіць, бо ў сьвядомасьці людзей сфармаваўся стэрэатып, які разбурыць вельмі складана. І мэты такой ня ставіў. Рабіў тое, што падабалася дый годзе. Хоць унутраныя перасьцярогі былі, што скажуць: вось, «кэвэзэшнік» пайшоў у музыку… Але гнаў ад сябе такія думкі, бо рабіў сапраўды тое, пра што марыў усё жыцьцё.

— Твой гурт зваўся «Тайланд», потым стаў «Майтай», пэрыядычна зьнікаў з далягляду, потым зноў зьяўляўся. Можна ўбачыць за гэтым нейкую няўпэўненасьць ці гэта ня так?

— Не, былі проста жыцьцёвыя моманты. У 2008-м у мяне нарадзіўся сын, калі выйшаў альбом «Бангкок-рок». Усе казалі вакол: варта працягваць, моцны матэрыял. Але ў мяне зьмяніўся кірунак майго ўнутранага жыцьця. Зразумеў, што трэба адкласьці музыку, займацца сям’ёй, працай. У 2011-м у мяне нарадзілася дачка. І неяк зноў пачаліся пісацца песьні, хоць я і не плянаваў гэтага. Ізноў пачаў працу.

А назву змяніў на «Майтай», бо сэнс, які я ўкладаў у слова «Тайланд» ня быў бачны іншым людзям. Я бачыў сваю творчасьць у прасторы ўнутранай свабоды, «Тайланд» літаральна значыць «свабодная зямля», але не турыстычны рай, дзе стаіць будысцкі храм, а праз дарогу публічны дом. Таму зьявілася гэтае цікавае слова — «Майтай», ёсьць у ім адсылка да месяца мая. Ці можна прыняць як «мая свабода», як заўгодна. Потым ужо даведаўся пра існаваньне алькагольнага кактэйля пад такой назвай і пра тайскі масаж, як завецца «майтай». Ну, і выдатна (сьмяецца).

На фота: Андрэй Дзяркоў на Алеі зорак у Лос-Анджэлесе, каля зоркі свайго куміра Бруса Лі. Фота 1998 году.

— Твая цікавасьць да ўсходняй філязофіі напраўду сур’ёзная і глыбокая?

— Сур’ёзная. Яшчэ з гадоў школы. У годзе 1986—1987, калі ў праграме «Вокруг света» распавядалі пра манастыр Шаолінь. І я захапіўся ўсходнімі адзінаборствамі. У нас у Баранавічах зьявіўся майстар кунг-фу зь Віетнаму, займаўся ў яго. Зацікавіўся філязофіяй і наогул гісторыяй Усходу. Таму і пайшоў на гістарычны факультэт БДУ, дыплём пісаў па тыбэцкіх старажытных вераваньнях. Працягваю дагэтуль вывучаць гісторыю Кітаю, Японіі, Тыбэту ды займацца адначасова кунг-фу і муай тай, вельмі ўдзячны за заняткі свайму трэнэру Міхаілу Лучыцкаму.

— На Тыбэце пабываў ужо?

— На жаль, яшчэ не. Але быў на Далёкім Усходзе, у Бураціі, Івалгінскім дацане — найбуйнейшым будысцкім цэнтры Расеі. Я пра яго пісаў у сваёй дыплёмнай працы, а потым ужо, калі паехалі з гастролямі з камандай, пабываў там. Цяпер у гэтым храме знаходзiцца нятленнае цела знакамiтага цяпер ужо на ўвесь сьвет хамбо ламы Iцiгэлава, якога дасталi з труны празь некалькi месяцаў пасьля таго, як мы былi у дацане. Там у дацане мы сустрэлiся з ламам, якi быў беларусам! Ён выкладаў там тыбэцкую мову. Я сур’ёзна заняўся будысцкімі мэдытатыўнымі практыкамі, але цяпер адышоў ад гэтага. У мяне цяпер адбываецца пераацэнка каштоўнасьцяў, таму гляджу на ўсе рэлігійныя духоўныя практыкі неяк збоку. Хачу ўбачыць узаемасувязь іх, такі экумэністычны погляд маю.

— Чарговы раз ты падзівіў, калі паставіў на аватарку «Пагоню» ды запяяў па-беларуску. Быў нейкі штуршок да гэтага?

— Яшчэ з гадоў пяць таму я наогул не адчуваў сувязь з сваёй краінай, культурай і гісторыяй. Таму што якраз быў пад вялікім узьдзеяньнем усходняй філязофіі і мне здавалася, што я нарадзіўся ня ў той час і ня ў тым месцы. Потым прыйшло ўсьведамленьне, што я сам стварыў сабе такую ілюзію. Штуршком да гэтага быў Уладзімер Караткевіч. Зайшоў у сваю ўлюбёную кнігарню на Маркса і пабачыў першы том зь яго збору твораў, 25-томнага, пабачыў, што гэта паэзія. Пра Караткевіча-паэта я ня ведаў і зацікавіўся… Вельмі каштоўная для мяне кніга «Гуканьне паэзіі Ўсходу», выдадзеная накладам усяго ў 500 асобнікаў — пераклады старажытнай паэзii Кiтаю, Японii, Карэi й Віетнаму, якія зрабіў Рыгор Барадулін.

— Ты ж вучыўся на гістфаку ды яшчэ ў 90-я!

— У апошніх клясах школы я зацікавіўся гісторыяй Беларусі, гэта быў пачатак 90-х. Хадзіў у Баранавічах на мітынг, што ладзіў Беларускі Народны Фронт, глядзеў на бел-чырвоныя-сцягі і думаў, як гэта прыгожа. Пасьля ўжо рэфэрэндуму, мой сусед па інтэрнацкім пакоі спаліў чырвона-зялёны сьцяг ля адміністрацыі прэзыдэнта, быў вялікі скандал. На самім гістфаку я быў дрэнным студэнтам, амаль не вучыўся, толькі іспыты здаваў, увесь час атрымліваў задавальненьне ад вольнага жыцьця. Таму гэты інтарэс да Беларусі не разьвіўся, не было ў ім глыбіні, бо і спэцыялізаваўся я на катэдры старажытнага часу і сярэднявечча, а не гісторыі Беларусі. Хоць мае аднакурснікі сур’ёзна вывучалі, сталі паважанымі навукоўцамі і самі цяпер выкладаюць на гістфаку.

На фота: Андрэй Дзяркоў з выступам на гістарычным факультэце БДУ з нагоды 20-годзьдзя беларускамоўнай плынi, пасьля якога была створана песьня «Полымя». 14 сьнежня 2012 году.

— Ты ў сваю чаргу мог стаць сур’ёзным тэлебосам. Чаму не пайшоў далей па гэтай сьцяжыне?

— Так, пэўны час быў выканаўчым прадусарам на БТ, але перапыніў. Таму што гэта не маё. Адчуваю сябе творчай асобай, аніяк зь бюракратыяй не зьвязанай. Начальнікам, часткай нейкага апарату і сыстэмы ніколі не зраблюся, бо гэта ня мой шлях і не мая філязофія жыцьця.

— Крэатыву сваіх былых калегаў па ТВ радуесься?

— Мне падабаецца тое, што пэрыядычна паказвае канал «Беларусь-3». Праграмкі пра мову, архіўныя матэрыялы, якія раней проста ляжалі на паліцах. Ня ведаю што будзе далей.

— Цяпер ты пішаш сцэнары да расейскіх сэрыялаў, так?

— Так, і гэта ўжо мой кагнітыўны дысананс. Гэта спосаб зарабіць. Тая праца, якая дае мне магчымасьць карміць сям’ю і займацца музыкай. Цяпер я сцэнарыст лёгкіх жанраў — сыткам (сытуацыйная камэдыя), мэлядраматычная камэдыя. І гэтыя жанры, шчыра кажучы, сёньня мяне ўжо не цікавяць зусім. Рэальна гэта проста праца, без усялякага натхненьня.

На фота: Андрэй Дзяркоў з сынам

— У Расеі ж працуе цэлая брыгада разумных і крэатыўных людзей зь Беларусі, з той жа каманды КВЗ БДУ. Ясна, што грошы. Але ці няма жаданьня закласьці тут справу. Зрабіць незалежны прадукт. Першую беларускую індзі-рок радыёстанцыю, ці той жа сэрыял зьняць паводле Караткевіча, напрыклад.

— Калі мы скончылі гуляць у КВЗ, у 2003-м, мяне запрасілі на БТ працаваць над музычным праектамі — «Кліп-абойма», «Точка», якія мы вялі з Марынай Грыцук. А частка нашай каманды зьехала ў Маскву на запрашэнне. У іх там ужо была праца, больш-менш добрыя грошы, яны сталі ісьці далей і цяпер там існуе вялікая кампанія YBW-груп, на якую я таксама працую. Пачыналі з сэрыялу «Папины дочки», «Кухня», цяпер прайшла поўнамэтражная стужка «Кухня в Париже»… І гэтыя хлопцы, якія зьехалі ў 2002-м, ведаюць, што яны беларусы, але яны страцілі на працэнтаў 80 сувязь з краінай мэнтальную. Падчас чэмпіянату сьвету па хакеі быў у Маскве і мы разам заўзелі за Беларусь, калі яна грала з швэдамі. Але крычаць «Беларусь!» — проста і гэтага мала, цікавіцца гісторыяй, культурай — гэта ўжо іншая справа… Ведаю, што ёсьць думкі адкрыць аддзяленьне кампаніі тут, у Менску. Пакуль гэта толькі на ўзроўні размоваў. Зьяўляецца шмат маладых крэатыўных людзей, прычым ужо і па-беларуску жартуюць, і гэта радуе.

— Так выйшла, што табе першую песьню па-беларуску напісаў Лявон Вольскі. Як табе працавалася зь ім у праекце «Такога няма нідзе»?

— Зь Лявонам мы перасякаліся на студыі, калі ён запісваў «Белую яблыню грому», а я працаваў тамсама над сваімі песьнямі. Там ён і прапанаваў паўдзельнічаць у праекце. Было вельмі весела, здымкі ішлі ўсю ноч. Нам мусілі паставіць нумар, аднак мы з Марынай Грыцук ніяк не знаходзілі часу прыйсьці. Прыйшлі ўжо на здымкі, тая дзяўчына, што мусіла ставіць нам нумар, пакрыўдзілася на нас, але мы з Грыцук прафэсіяналы, добра адчувалі адно аднаго, таму за тры хвіліны зрабілі ўсё зь першага дублю.

— «Полымя» значыць твая першая аўтарская песьня па-беларуску?

— Так, я ішоў да яе доўга. Думкі ў мяне зрабіць песьню па-беларуску былі яшчэ ў час запісу першага альбому «Бангкок-рок». Але не было натхненьня і ўнутранага настрою. Тут ужо ўсё склалася. І ўжо ёсьць напрацоўкі новых твораў. «Полымя» цяпер існуе ў дзьвюх вэрсіях. Першая — у звыклай стылістыцы «Майтаю». Акрамя клясыкаў пост-панку мне вельмі падабаецца Nine Inch Nails. І другую вэрсію мы вырашылі з Пашам Трацяком зрабіць у нестандартным рэчышчы, больш электронным, больш дэнсавым і клюбным. Гэтую вэрсію прадстаўляю сёньня на сайтах Tuzin.fm i Budzma.by. Нам вельмі спадабалася працаваць у гэтым кірунку і я думаю, што наступныя песьні «Майтай» будуць у такім стылі.

Размаўляў Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by

12 чэрвеня. Клюб Tarantino. 19:00. Майтай. Жывая прэзэнтацыя сынглу «Полымя» і найлепшыя песьні.