Tonqixod. Музыка для багатых і адважных (прэзэнтацыя сынглу!)
5134 / 1
12.06.2014

Tonqixod. Музыка для багатых і адважных (прэзэнтацыя сынглу!)

Гурт Tonqixod прадстаўляе на Tuzin.fm сынгл «Вясельле», у якім тлумачыцца як найлепей павіншаваць маладых і што падарыць на дзень вясельля.

«Вясельле» — другая запісаная песьня Tonqixod, якая папярэднічае выхаду дэбютнага альбому гурта. Першы сынгл «Насыпаць горы» быў прэзэнтаваны пры канцы мінулага году і атрымаў станоўчыя водгукі ад слухачоў, перамог у чарце на Tuzin.fm, вакол песьні нават скандал адбыўся. Рэліз новай кампазыцыі музыкі невыпадкова прызначылі на чэрвень.  «Напярэдадні лета, гарачай вясельнай пары, калі многія пары ў Беларусі бяруць шлюб, мы вырашылі падарыць слухачам адпаведную сьвяточную кампазыцыю. Мяне асабіста неаднойчы запрашалі на вясельлі і гэта заўсёды вялікае пытаньне, як жа правільна павіншаваць маладых, колькі падарыць. Гэтая песьня — спроба адказу», — кажа вакаліст каманды Ўладзь Лянкевіч. Ён не хавае таго, што сынгл выглядае на даволі каньюнктурны: «Я спадзяюся, што нароўні зь іншымі народнымі вясельнымі гітамі наша песьня трапіць у абавязковы плэй-ліст кожнага айчыннага тамады».

Кампазыцыя запісвалася разам з гукарэжысэрам Паўлам Някрасавым і самастойна, а зводзіў яе Канстанцін Пыжоў. Клявішнік і вакаліст Tonqixod Максім Субач так характаразуе новы твор: «Збольшага твор выкананы ў забаўляльна-таямнічым ключы. Яго пачатак наводзіць на думку, што гэта звычайны вясёленькі рок-н-рол… Але раптоўна пачынаецца псыхадэлічная зацягнутая сярэдзіна. У ёй мы спрабуем пераскочыць з экспрэсіўнага настрою на таямнічы, нават трохі насьцярожанны. Розныя інструмэнты нечакана зьяўляюцца і зьнікаюць, то супакойваюць, то раздражняюць сваім гучаньнем. Герой аповеду разважна расказвае пра свае неадназначныя дзеяньні, атмасфэра паступова накаляецца, пакуль не становіцца ясна, што… Ну а далей слухайце самі». Макс кажа, што неаднаразова сутыкаўся зь меркаваньнем, што пад гурт Tonqiхod не патанчыш і выказвае катэгарычную нязгоду з гэтай нагоды: «Я маю схему танцавальных дзеяньняў для гэтай песьні: спачатку вы актыўна б’ецеся ў канвульсіях, потым адпачываеце, заплюшчваеце вочы і, пагойдваючыся, водзіце вакол сябе рукамі, а потым зноўку актыўна скочыце, толькі яшчэ ў большай эўфарыі, чым на пачатку».

Бубнач Андрэй Аляксеенка дадае:  «Гэтая песьня добра адлюстроўвае тую нітку, што аб’ядноўвае наш гурт. То бок хачу сказаць, што чалавек, якому не падабаецца Песьня пра вясельле“ ня можа граць у Тонкіходзе».

Дарэчы, гурт Tonqiхod гатовы на поўным сур’ёзе сыграць на сапраўдным вясельлі, калі паўстане такая патрэба. «Наш гурт выконвае музыку для багатых і адважных. Суправаджэньне ўрачыстых цырымоніяў — гэта цалкам нашая дзялянка, так што мы заўжды гатовыя», — кажа Ўладзь.

Дэбютны альбом Tonqiхod мяркуе выдаць увосень. Таксама гурт рыхтуе сваё бачаньне аднаго з шэдэўраў ансамблю «Песьняры» для праекту «Re:Песьняры».

Найбліжэйшы канцэрт гурта ў Менску — 19 чэрвеня ў клюбе TNT.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: