«Свойскі Тузін» ад «Графіці»
3318 / 0
02.07.2014

«Свойскі Тузін» ад «Графіці»

Tuzin.fm падводзіць вынікі сэзону разам з кіраўнікамі беларускіх клюбаў. Арт-дырэктар «Графіці» Андрэй Лазук склаў свой тузін улюбёных песень удзельнікаў нашага чарту.

1. Лявон Вольскі — Шэрая кроў

Уваход у сьвет беларускай музыкі для мяне пачаўся з фан-клюбу N.R.M., і таму да творчасьці Лявона ў мяне асабліва цёплае стаўленьне. Але яно тут і ня трэба: вельмі якасная і атмасфэрная песьня, якая добра перадае настрой усеагульнай апатыі і абыякавасьці, але, пры гэтым, супакойвае. Увесь зьнянацку выдадзены альбом «Грамадазнаўства» моцны і файны.

2. МАМА Вам!

Здаецца, у мяне яшчэ недзе валяецца флаер са «зьніжкай на наступны канцэрт Mauzer». На жаль, самую гардкоравую каманду краіны мы ўжо не пабачым, ды й няма яе, але вельмі добра, што Ян не сыйшоў з музыкі і робіць новую: навідавоку таленавітасьць і той самы драйв.

3. Akute Наскрозь

Клясна, што з «Глюкаў» новы праект узьнік куды хутчэй, падараваўшы нам адзін з самых папулярных у краіне гуртоў. І хаця другі альбом каманды мне падабаецца больш за іншыя, на «Рэальнасьці й снах» усё той жа постпанкавы гук, рытм ды падкупаюць кавэры на Ulis. Ёсьць і парачка гітоў, сярод якіх «Наскрозь».

4. Красные звёзды і Кацярына Пытлева Зорачка

Канечне, на канцэрты гурт ня можа кожны раз зацягваць Кацярыну, але выкананьне Ўладзімера й без таго неверагодна экспрэсіўнае, што робіць і без таго псыхадэлічныя тэксты яшчэ больш кранальнымі. Ня кажучы ўжо пра тое, што беларускамоўная песьня ад «Красных звёзд» — зьява вельмі рэдкая. Лічу, што прыхільнікаў каманды менавіта ў Беларусі павінна быць куды больш, але пакуль калектыў гастралюе ў асноўным па Расеі.

5. Pomidor/off — Сьпёка

Чалавек-гардкор Аляксандар Памідораў выдае адзін за адным баевікі-гіты. І калі звычайны настрой іх цяжкі ды сумны, то ў «Сьпёцы» праглядаюцца ноткі пазытыву ды рэгі, што наладжвае на аптымізм.

6. Dzieciuki Песьня гарадзенскага гастарбайтэра

Гарадзенскія «Дзецюкі» разам зь «Людзьмі на балоце» ствараюць нейкую асобную рэальнасьць: пад песьні гуртоў адчуваеш сябе сотню гадоў таму ў карчме зь беларускімі вайскоўцамі-рэвалюцыянэрамі. І калі ў «Людзей...» гэта больш баляды ды лірыка, то «Дзецюкі» пяюць амаль пра ўсё рокава ды па панку. Вясёлых песьняў беларускаму шоўбізу зашмат ня будзе ніколі.

7. Паліна Рэспубліка Лета

Няпоўным быў бы тузін без, ужо можна казаць, самай папулярнай беларускай бардэсы, для якой мінулы год стаў годам няспынных аншлягаў. Гледзячы па ўсім, тэндэнцыя захаваецца. Бачна, прыйшоў час запісваць дэбютнік і па мне гэта павінны быць рокавы альбом, каб беларускаму радыё нарэшце было што закідваць у плэйліст цалкам. А акустычныя канцэрты застануцца для душы.

8. Майтай — Полымя

Слабасьць у мяне да рознай готыкі, пост-панку ды дарквэйву, і песьня «Майтай» сталася для мяне нечаканасьцю. Для мяне гэты гурт быў нечым з плеяды камандаў бясконцых адборачных тураў на «Суседні мір», але цяпер прыйдзецца браць усё і слухаць. Музыка, насамрэч, вельмі модная цяпер ва ўсім сьвеце, таму да папулярнасьці «Акутаў» калектыву, мабыць, не хапае толькі нерасейскамоўнасьці.

9. ZnaROCK і Вожык Тацяна

«Знарок» на мой погляд, значна недаацэнены беларускі гурт, які павінны на беларускіх фэстах быць у сьпісе хэдлайнэраў. Бо хістае. Гэткія новыя IQ48 драйвовыя пэўныя рытмы, вясёлыя, гумарныя ды няглупыя тэксты. Цікавы склад, ды й самі музыкі вельмі харызматычныя. Жадаю калектыву дачакацца папулярнасьці, а чытачам паслухаць ды тую папулярнасьць стварыць.

10. Gods Tower Людзі на балоце

Выдатны рымэйк добрай песьні ад дыназаўраў беларускага року. Ня так часта ўвогуле ў сьвеце сутыкаесься з рознамоўнымі вэрсіямі аднаго трэку, можа быць, гэта трэба зрабіць такой беларускай фішкай. Спадзяюся на выкананьне кампазыцыі на канцэртах і мушу ўсё ж такі пабачыць легендарную каманду на сцэне. Бо розных замежных мэталістаў бачыў, а сваіх так пакуль і не атрымалася. Gods Tower граюць ці сольнік, ці сумесна зь іншымі метал-бэндамі, і слухачу, хто ня так адданы мэтал-сцэне, цяжка ненаўмысна патрапіць. Даеш больш салянак-фэстаў з удзелам Gods Tower!

11. BosaeSonca Неба

BosaeSonca я ўпершыню пачуў на «Жывым Тузіне» і ў запісе да таго моманту гурт не заўважаў. Але потым пасыпаліся рэлізы і ўсе вельмі якасныя, толькі пасьпявай слухаць. Клясны лірычны рок, з добрымі тэкстамі нават уласнымі і з словамі такога паэта, як Сыс. Адметная для музычнай і літаратурнай Беларусі.

12. Нафта Пажар-піяр

У ангельскай мове ёсьць выраз guilty pleasure, якім б я назваю сваю прыхільнасьць да «J:морсу», а адпаведна да яго клону, гурту «Нафта». Так, папса і фармат, але чапляе. Спэцыяльна на канцэрт я б не пайшоў, але на фэстах вельмі клясна паскакаць. Да таго ж, нарэшце ў тэкстах зьявіўся пэўны сэнс. А са стварэньнем настрою ў Пугача заўсёды ўсё было добра.

Андрэй Лазук, для Tuzin.fm

Андрэй Лазук нарадзіўся ў 1990 ў Менску. Скончыў факультэт праграмаваньня Менскага радыётэхнічнага каледжа па спэцыяльнасьці «пэдагог-праграміст» (2010), друкаваўся на «Тузіне Гітоў» і партале Ultra-Music. З 2010 працуе ў клюбе «Графіці», з 2011 – арт-дырэктар клюбу і агенцтва IBAD, арганізатара фэстаў «Да!Бро!», «Мы любім Бітлз», «Пікнік.BY» ды іншых канцэртаў.