Думалі
7984 / 0
01.09.2014

SP Kava i Angst: «Бранзавеньне шкодзіць» (аўдыёпрэм’ера!)

У межах праекту «Re:Песьняры» рэпэры SP Kava i Angst напісалі ліст Уладзімеру Мулявіну і Янку Купалу. Ліст пра час, у якім мы жывем, чым мы жывем і пра тое, якія мы самі.

У адрозьненьне ад іншых удзельнікаў праекту SP Kava i Angst не працавалі з матэрыялам «Песьняроў». Яны вырашылі пайсьці іншым шляхам і напісаць свой твор, у якім ясна выказаць свае думкі. «Час, якому належым мы такі, што цяперашняе пакаленьне можа і ня ведаць „Песьняроў“, нават не адрозьніваць іх ад, напрыклад, „Сяброў“. Не адчуваць іх безумоўнага ўплыву на сёньняшнюю музыку Беларусі і агульнага культурнага значэньня іх творчай спадчыны. Гучыць гэта, магчыма, па-блюзьнерску, для кагосьці непраўдападобна, а, мо і занадта пэсымістычна — тым ня менш, хоць штосьці ад ісціны ў гэтым ды ёсьць. І тут ужо цалкам бясспрэчнай робіцца неабходнасьць звароту новых музыкаў да спадчыны беларускай легенды», — тлумачаць выканаўцы сваю матывацыю ўдзелу ў праекце.

Трэк «Думалі» быў заплянаваны як ліст ад прадстаўнікоў сёньняшняга пакаленьня — і Ўладзімеру Мулявіну, і Янку Купалу. Ліст пра час, у якім мы жывем, чым мы жывем і пра тое, якія мы самі. Сэмплаваньне дае магчымасьць ужыць любыя пазнавальныя і ня надта ўрыўкі музычнай кампазіцыі (уласна і сама песня «Малітва» скампіляваная з двух розных вершаў Янкі Купалы), але ў «Думалі» абраная іншая стратэгія. SP Kava i Angst тлумачаць, што за рытмічную аснову трэку ўзятае зашыфраванае ў купалаўскім вершы слова «думалі», што ўтвараецца на стыку словаў у радку «Я буДУ МАЛІцца і сэрцам і думамі». Менавіта ў гэтым быў пабачаны ключ да пэўнай спробы дыягназу пакаленьню: вялікая колькасць магчымасьцяў і спосабаў існаваньня і, вядома, у якасьці ключа — малітва за будучыню Беларусі.

Выканаўцы маюць спадзеў, што слухачы прымуць іх досыць сьмелае творчае рашэньне. Яны перакананыя, што бранзавеньне шкодзіць ня толькі жывым творцам, але і здароваму існаваньню іх творчасьці, а таму паўстае і другая неабходнасьць для нашчадкаў у адносінах з мастацтвам: весьці размову з матэрыялам і пераасэнсоўваць зробленае да іх.

SP Kava&Angst — Думалі (музыка SP Kava і Вячкі Красуліна, словы SP Kava і Angst). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

скажы ім што гімн не кладзецца на музыку

быць нармальнымі — ідэал няўдачнікаў

нарадзіцца тут па змаўчаньні значыць

ня думаць інакш чым павінен думаць

не наракаць на ўплывы падзей

бяжым ад людзей і абставін

скажы ім нічога ня будзе,

на некалькі чвэрцяў жыцьцё чаканьне

паабяцай мне

усё што заўгодна

акрамя маўчаньня

у чым кайф у адчаі чапляцца за смутак

тут усё недарэчы

няпростыя словы няпростыя рэчывы

 

Прыпеў:

Мы — рэха ўсяго, што было напачатку.

Толькі паабяцай усё што заўгодна, акрамя маўчаньня.

Калі цішыня падступае да горла з думкай пра тое, што будзе далей —

паабяцай усё што заўгодна, акрамя маўчаньня.

 

Думалі ў дзевяностыя: «Ня так усё проста, колькі той незалежнасьці?!»

і найперш сьціхлі як мышы — толькі б чаго ня выйшла…

Сьпяем песенькі вострыя, канечне, і колкія складзем вершыкі —

выжывалі ж, грэшныя, неяк раней, ну вось і цяпер выжывем!

Пакуль адны думалі ланцугі пераплавіць на дрот калючы, іншыя

думалі: ня трэба сьпяшацца, бо есьці ад пуза было б не залішне.

Адны называлі другіх дурнямі, тыя — шукалі шляхоў да збавеньня…

Думалі яны, карацей, думалі — а тут і вырасла новае пакаленьне

з уласным вырокам — кепская факусіроўка зроку —

Зноўку пастаўленае перад пытаньнем: куды прывядзе дарога?

Як вырвацца вонкі? Якія наступныя будуць іх крокі?

Ва ўсякай прыгодзе — трымайся толькі. Ва ўсякую пору — ня зьнікні толькі.

 

Мы — рэха ўсяго, што было напачатку.

Толькі паабяцай усё што заўгодна, акрамя маўчаньня.

Калі цішыня падступае да горла з думкай пра тое, што будзе далей —

паабяцай усё што заўгодна, акрамя маўчаньня.