Сьцяг
2823 / 0
15.01.2015

Віншаваньне Вайцюшкевіча з Днём Волі-2009

Зьміцер Вайцюшкевіч прадстаўляе ў новым туры на ТГ песьню «Сьцяг», напісаную на верш Уладзімера Някляева — твор-асэнсаваньне, што такое Сьцяг, як патлумачыў сам выканаўца.

Паэт Уладзімер Някляеў напісаў верш «Сьцяг» адмыслова для новага альбома Вайцюшкевіча «Тое, што трэба». Калі Зьміцер узяўся за напісаньне музыкі, то адразу да згоды з аўтарам словаў не прыйшоў. «У нас была спрэчка, як жа мусіць гучаць „Сьцяг“. Урэшце вырашылі, што яна будзе ў гімнічна-маршавым рэчышчы. Калі я пісаў музыку, то згадаў, як лунаў бел-чырвона-белы сьцяг па-над Домам ураду. Рытм таго лунаньня абсалютна адпавядае баляднасьці гэтай песьні».

Сьпявак прызнаецца, што гэта адна з тых песень, якая выконваецца не на кожным канцэрце. «Для яе выкананьня мусіць быць пэўны момант, — кажа Зьміцер. — Як і для песень на вершы Караткевіча. Такія творы немагчыма выконваць на кожным выступе, бо вядзецца не пра рэвалюцыю, а пра стан душы».

Хоць альбом «Тое, што трэба», куды ўвайшоў «Сьцяг», выйшаў у апошні месяц 2008 году, ён не прайшоў незаўважным. Прынамсі, для музычных крытыкаў. А шэф-рэдактар музычнага часопіса «Нот-7» Алег Клімаў назваў «Сьцяг» у апытаньні Радыё Рацыя найлепшай песьняй мінулага году.

Зьміцер Вайцюшкевіч — Сьцяг (музыка — Зьміцер Вайцюшкевіч, словы — Уладзімер Някляеў). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

SB, ТГ, архіў 17.03.2009