Я эма, мама
1908 / 0
17.02.2015

ZnaROCK: «Я эма, мама!»

У 20 туры на «Тузіне Гітоў» гурт ZnaROCK прадстаўляе свой першы гіт пад назвай «Я эма, мама». Лідэр каманды Яўген Сокалаў распавядае, што асноўная частка тэксту нарадзілася ў гадлёвым цэнтры „Сталіца“, на ніжнім узроўні, дзе нефармальныя падлеткі тусуюцца.

Гурт ZnaROCK сабраўся два гады таму. Музыкі ад пачатку вырашылі ўзяць ухіл у ска-панк і ска-кор з смычковай сэкцыяй замест духавой. Спачатку ZnaROCK абкатвалі акустычную праграму, нават удзельнічалі ў «Бардаўскай восені — 2009». «Якія ж з нас барды», — кажуць хлопцы і прызнаюцца, што іх заўжды цягнула ў электрычнасьць. Над паўнавартаснай праграмай гурт цяпер якраз працуе, а яшчэ шукаюць чалавека, які бы ўзяўся за рэміксы на іх песьні.

Лідэр каманды Яўген Сокалаў распавядае, што песьня «Я эма, мама!» была напісаная з год таму. «Асноўная частка тэксту нарадзілася ў гадлёвым цэнтры „Сталіца“, на ніжнім узроўні, там часта нефармальныя падлеткі тусуюцца. Хоць гэта быў дзень і амаль нікога такога не было, мусіць, нейкія флюіды яны пасьля сябе пакінулі, бо тэкст папёр вельмі хутка. Тут жа і матыў вакальны прыдумаўся. Пасьля толькі нюансы дадаваліся, фішачкі нейкія. Хтосьці ўспрымае яе як чысты сьцёб, але ёсьць і тыя, што ставяцца сур’ёзна. Навязвацца ня будзем, вырашайце самі!» — кажа выканаўца.

Менавіта гэты сьпеў быў адабраны ў ліку пяці кампазыцыяў маладых беларускамоўных музыкаў для здымак відэакліпу ў межах майстар-клясы польскага рэжысэра Паўла Квасьнеўскага. Так што ZnaROCK атрымалі досьвед у гэтай справе, а цяпер паспрабуюць яшчэ сілы ў музычным чарце на «Тузіне Гітоў».

Гурт у сеціве — vk.com/znarock

ZnaROCK — Я эма, мама (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Тузін Гітоў, архіў 15.06.2011

Тэгi: