Лысы
4574 / 0
27.02.2015

Мікіта Васільеў aka (((O))): «Я свае карані не забываю» (прэм’ера!)

Культавы беларускі электроншчык прадстаўляе на Tuzin.fm кампазыцыю «Лысы», у аснову якой увайшоў папулярны ў Беларусі народны танец. Мэлёдыю на дудзе сыграў Яўген Барышнікаў.

«Лысы» — першы творчы экспэрымэнт Мікіты Васільева з народнай музыкай. Асновай для кампазыцыі стала мэлёдыя танцу «Лысы», якую найграў дудар Яўген Барышнікаў. «Мне зь дзяцінства падабаецца гук дуды і ўсё, што да яе падобнае. Я наогул з 11 да 15 гадоў быў вялікім прыхільнікам „Старога Ольсы“, цікавіўся пэрыядам Вялікага Княства Літоўскага, а „Літвін“ дагэтуль у сьпісе маіх улюбёных тэмаў. І я на свае карані не забываюся», — прызнаецца выканаўца, чый альбом на ўзнагародах Experty.by-2013 быў прызнаны найлепшым рэлізам у беларускай музыцы па вэрсіі замежных экспэртаў. Творчасьць гамельчука прыйшлася даспадобы нават мэнэджару Pink Floyd. Цяпер жа яго праект — сярод фаварытаў у новай намінацыі Experty.by — «Індзі-поп/электроніка».

Мікіта Васільеў, фота Дзьмітрыя Радзівона

«Лысы» — пэўна самая вядомая і пазнавальная народная мэлёдыя ў Беларусі ды суседніх краінах пасьля знакамітай «Лявоніхі». Музыка і дасьледчык фальклёру Яўген Барышнікаў кажа, што нягледзячы на позьняе паходжаньне, прыйшоўшы праз горад у вёску модны замежны «two-step» прыжыўся, адаптаваўся, аброс мясцовым калярытам і прыпеўкамі. Цяпер гэты танец вядомы як «Тустэп», «Лысы», на Палесьсі яго завуць «Карапет», існуюць і рэгіянальныя назвы кшталту «Нефцяначка Надзя», «Парцейны», «Звозчык». Акрамя Беларусі, гэты танец пад рознымі назвамі добра вядомы ва Ўкраіне, Расеі, Эстоніі і Літве, абыграны акадэмічнымі кампазытарамі і замежнымі калектывамі. Яе карысталі як Litvintroll, так і Віка Цыганова.

Яўген Барышнікаў

«У сучаснай гарадзкой моладзі, аматарам традыцыйнай культуры, сацыяльных танцаў, музыкам гэты таньчык добра знаёмы і любімы імі. Тым больш цікава было паспрабаваць надаць яму новае сучаснае гучаньне, не ламаючы пры гэтым танцавальнай структуры і спалучыўшы з выкананьнем на дудзе, як адным з самы старых тутэйшых інструмэнтаў», — зазначае Яўген з нагоды прэм’еры электроннай вэрсіі «Лысага».

Кампазыцыя, якую запісаў Яўген Барышнікаў і Мікіта Васільеў стане саўндтрэкам да прома-роліку конкурсу «Засьпявай 2.0», які стартуе неўзабаве.

Гэтая прэм’ера практычна супала з рэлізам міні-альбому (((O))) «We Hate You». Яго эксклюзіўная прэзэнтацыя пройдзе ў клюбе «Графіці» 7 сакавіка. Электроншчык і дудар думаюць над тым, каб у межах канцэрту сыграць «Лысага» ўжывую.

Tuzin.fm