Палон
10190 / 0
10.03.2015

Pauline бярэ ў «Палон» (аўдыё)

Сьпявачка Pauline прадстаўляе ў новым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm сваю новую песьню «Палон» — вынік сумеснай працы з гітарыстам і аранжыроўшчыкам Раманам Саракалетавым.

У адрозьненьне ад ранейшых сваіх песень новы твор Паліна Цімохіна напісала не сама. «Палон» ёй прапанаваў да выкананьня гітарыст і аранжыроўшчык Раман Саракалетаў, які працаваў са шматлікімі беларускімі музыкамі (Лермонт, Vinsent, Паліна Рэспубліка, Hurma). «Мы былі знаёмыя з Раманам, але ўсё адно яго прапанова апынулася для мяне сапраўдным сюрпрызам, — распавядае Pauline. — Калі я паслухала дэма, зразумела: трэба браць! Тым больш для мяне ніколі ніхто не пісаў песень, усё што я сьпяваю і сьпявала — мае ўласныя творы».

Сам аўтар быў пэўны ад пачатку — ягоны твор надзвычай пасуе Паліне. «Песьня нарадзілася спантанна і адразу ў гатовым выглядзе. Безумоўна яна пра каханьне, але ня трэба разглядаць яе ў вузкім разрэзе каханьня паміж мужчынам і жанчынай. „Палон“ — гэта песьня пра любоў да момантаў, пра каханьне без умоваў», — кажа Раман.

Зьвядзеньнем і майстарынгам песьні займаўся Андрэй Акатаў, а вокладку да самотніку «Палон» намалявала Натальля Мармалюк.

Pauline — Палон (музыка і словы Рамана Саракалетава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Не, не кажы, што больш не сустрэнемся.

Колерам белым, у цёплым адзеньні

Адказы шукаю ў абдымках санлівых,

Дамоў…

Так, да сустрэчы, убачымся ўвечары.

Подых зімовы кранае за плечы.

Чаканьне сяброўкай бясконца вядзе за сабой.

Заспакой мяне шчырымі словамі, сэрца ў далонь.

 

Птушкай падаю, падаю, падаю я ў палон.

Падаю, падаю, падаю я ў палон.

 

Так, незалежна ад усіх, закаханая,

Словы цішэй пад блакітнымі хвалямі,

Сэрца глыбей адчувае — ты побач са мной.

Пальцы ў цёплы пясок, усхваляваная.

Любы мой, крыламі ты ахінай мяне.

Думкі паветраным шарам бліжэй да цябе.

 

Прытулі мяне як у апошні,

Усё гэта сон…

 

Толькі падаю, падаю, падаю я ў палон…

Падаю, падаю, падаю я ў палон…

Падаю, падаю, падаю я ў палон…

Падаю, падаю, падаю я ў палон…