Мінулае
4729 / 3
15.04.2015

«Майтай». Памяць захаваць (аўдыёпрэм’ера)

Гурт «Майтай» прэзэнтуе на Tuzin.fm свой новы беларускамоўны самотнік «Мінулае». Андрэй Дзяркоў шукае адказу на пытаньне як захаваць памяць пры дапамозе як усходняй, так і заходняй філязофіі.

Каманда на чале зь Дзярковым узяла летась надзвычай пасьпяховы старт на «Тузіне» з сваім беларускамоўным дэбютам — песьняй «Полымя». Цяпер музыка прэзэнтуе новы самотнік на сваёй мове разам з афіцыйным сайтам, зробленым таксама па-беларуску. «Такое рашэньне выклікана не палітычнымі, а выключна культурнымі прычынамі: „Майтай“ падтрымлівае захаваньне і разьвіцьцё роднай мовы. І хоць на дадзены момант у гурта ўсяго дзьве беларускамоўныя песьні, у далейшым іх колькасьць павялічыцца. Ня факт, што наш гурт цалкам пяройдзе на беларускую мову, але выключаць гэтага ў будучыні нельга», — заяўляе лідэр каманды.

Новы беларускамоўны самотнік запісаны ў фірмовым для «Майтай» стылі — пост-панку. У гэтай кампазыцыі аўтар шукае адказу на пытаньне: «што ёсьць мінулае», карыстаючыся веданьнем як усходняй і заходняй філязофіі. «Адказы на гэтае пытаньне даюцца розныя, — кажа Андрэй, — У песьні зроблена спроба аб’яднаць гэтыя адказы, абапіраючыся на суб’ектыўны вопыт яе аўтара. Мы працягваем тэкстава працаваць над архетыпічнымі вобразамі і зьявамі. Тэкст досыць просты, але мае розныя ўзроўні ўспрыманьня».

У афармленьні самотніка «Мінулае» выкарыстаны адзін з самых старажытных малюнкаў (фрэска) Адама і Евы з рымскіх катакомбаў 1—2 стагодзьдзяў н. э. Адам і Ева выступаюць як сымбалі чалавецтва, якое зьдзейсьніла ў даўнія часы фатальную памылку і нясе на сабе цяжар мінулага. Дызайн самотніка, як і папярэдняга сынгла «Полымя» і лонгплэя «Рассветы», зрабіў Мікалай Канапелька.

Разам з Андрэем «Таем» Дзярковым (вакал, гітара, музыка, тэкст) над трэкам працаваў Павал Трацяк (сэмплінг, гітара, бас-гітара) . Аранжыроўку і зьвядзеньне рабілі Павал Трацяк і Андрэй Дзяркоў. Майстарынг — Андрэй Баброўка (студыя «Селах»).

На афіцыйным сайце гурта «Майтай», які прэзэнтаваны разам з самотнікам, сабраныя ўсе аўдыёматэрыялы, тэксты ўсіх песень, відэаматэрыялы, актуальныя і рарытэтныя фатаграфіі за ўсю гісторыю існаваньня, дадзена інфармацыя аб усіх удзельніках, пачынаючы з 2005 году. Сайт выкананы ў мінімалістычным стылі, без асаблівых вынаходніцтваў, але ў той жа час зьяўляецца дастаткова функцыянальным. Дызайнам і распрацоўкай сайту займалася выдатная беларускамоўная дзяўчына Ліна Жарская.

Майтай — Мінулае (музыка і словы Андрэя Дзяркова). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Мы нясем скрозь няспынны час усю нашую памяць

Мы нясем скрозь справы зямныя каханьня маўчаньне

Паасобку мы будзем узьлятаць, але разам падаць

I кожнае падзеньне ўспрымаць як магчымасьць спатканьня

Як магчымасьць спатканьня,

Магчымасьць спатканьня…

 

Прыпеў:

А што нас чакае далей,

Якая радасьць-бяда наступная?

Нам адкажа ў глыбiнях сябе тваё і маё, нашае Мінулае

 

Мы жывем на Зямлi, значыць, мы зусiм не анёлы.

Колькасьць нашых памылак, калi ласка, ня трэба лiчыць

Мы, як тыя аблокi, што працягваюць шлях свой далёкі

І толькі сьмерць час ад часу спрабуе рух наш спыніць

І толькі сьмерць час ад часу,

Сьмерць час ад часу…

 

Прыпеў:

А што нас чакае далей,

Якая радасьць-бяда наступная?

Нам адкажа ў глыбiнях сябе тваё і маё, нашае Мінулае.

КАМЕНТАРЫ: