Жыве Беларусь!
12346 / 0
04.06.2015

Зьміцер Вайцюшкевіч: «Мы ўсе кажам, што Беларусь жыве, а сьпяваць няма чаго» (аўдыё)

У 15-м туры сэзону 2014/2015 на Tuzin.fm Зьміцер Вайцюшкевіч прадстаўляе сваю песьню «Жыве Беларусь», напісаную на словы Ўладзімера Някляева.

Словы да «Жыве Беларусь» Вайцюшкевіч прапанаваў напісаць Някляеву. Зьміцер прыгадвае, што гэта было 25 сакавіка 2013 году: «Я прасіў Уладзімера Пракопавіча, каб тэкст быў менавіта з гэтай фразай. Бо мы ўсе кажам яе, а сьпяваць няма чаго». Першая вэрсія песьні была вырашаная як марш, але неўзабаве выканаўца зьмяніў музыку: «Спачатку кампазыцыя больш пасавала для выкананьня на дэманстрацыях. А потым я зразумеў, што песьня насамрэч не пра тое. Яна пра тое, што нас у штодзённым жыцьці аб’ядноўвае сама краіна. І гэта куды болей істотна», — кажа Зьміцер. Дарэчы, сам Някляеў яшчэ ня чуў апошні студыйны варыянт, які прадстаўляецца ў чарце на «Тузіне».

Лёзунг «Жыве Беларусь!» для Вайцюшкевіча атаясамліваецца з справай, якую ён робіць — несьці беларускае слова і беларускую песьню на цэлы сьвет. «Я займаюся гэтым, таму што гэтым займаліся Барадулін, Бураўкін, Караткевіч, а цяпер Вольскі, Памідораў ды іншыя. Пры гэтым я нармальна стаўлюся да сьлёганаў „За Беларусь“ і „Да здравствует Беларусь“, бо галоўнае — гэта незалежнасьць і самастойнасьць краіны», — зазначае сьпявак.

Песьня «Жыве Беларусь!» увайшла ў новы альбом сьпевака «Наша песьня», прэзэнтацыя якога заплянавана на 6 чэрвеня ў Вільні.

Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra — Жыве Беларусь! (музыка Зьмітра Вайцюшкевіча, словы Ўладзімера Някляева). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm, фота Tarantino

Жыве Беларусь! Беларусь жыве!

Жыве Беларусь! Беларусь жыве!

Яна пяе, цалуецца ў сквэры

Вянком купальскім па Дняпры плыве

Жыве ў надзеі, любасьці і веры

У нашых сэрцах Беларусь жыве

 

Жыве Беларусь! Беларусь жыве!

Жыве Беларусь! Беларусь жыве!

Яна жыве ў Крэве і Смаргоні

На скрыжаваньнях часу гнёзды ўе

 

 

І ўсё ляціць крывіцкая Пагоня,

І час ляціць — і Беларусь жыве!

 

Жыве Беларусь! Беларусь жыве!

Жыве Беларусь! Беларусь жыве!

Яна жыве, бо духам не змарнела,

Бо вольны дух на Сожы і Дзьвіне,

І сьцяг лунае бел-чырвона-белы,

Лунае сьцяг — і Беларусь жыве!