Марозная
6637 / 0
28.12.2015

TonqiXod і Пукст стварылі песьню, натхнёную казкай Андэрсана (прэм’ера)

Аўтары найлепшых беларускіх рок-альбомаў двух апошніх гадоў сышліся разам, каб запісаць песьню «Марозная» для праекту «Новае пакаленьне на Новы год».

Сяргей Пукст запісаў найлепшы рок-альбом 2013 году па вэрсіі Experty.by, а TonqiXod узяў перамогу ў гэтай жа намінацыі ў наступным годзе. Раней музыкі нідзе не сутыкаліся, тым цікавей было пачуць іх у дуэце. «Мы ўжо мелі пэўныя музычныя напрацоўкі, але ў закончаную песьню ўсё склалася менавіта дзякуючы праекту, давялося папрацаваць. Перадусім напісаць тэкст, які б, з аднаго боку, адпавядаў задуме навагодняга канцэрту, а з другога, быў бы для нас саміх прымальны, а ня нейкая прынагодная тэматычная прыпеўка, за якую потым будзе сорамна. Так што Ўладзю са словамі давялося паваяваць», — распавядае клявішнік гурта Максім Субач. Аўтар песьні Ўладзь Лянкевіч кажа, што напісаў ажно тры варыянты тэксту, і толькі апошні яго задаволіў. «Песьня натхнёная казкай Андэрсана пра Сьнежную каралеву, падзеі якой адбываюцца ў сучасным горадзе. І ты ў ролі Кая, ты быў незадаволены навакольлем, магчыма, на некага крыўдаваў, і вось цябе забіраюць адсюль і спачатку гэта файна, як бы новая прыгода нейкая, але пасьля блізкага рэальнага кантакту з гэтым „іншым“ выяўляецца, што ўсё гэта не гульня і ты проста такі бяз курткі ноччу на марозе сярод нейкага пустыра стаіш і ня можаш паварушыцца», — зазначае вакаліст TonqiXod.

Для Сяргея Пукста дуэт з TonqiXod апынуўся цікавым досьведам. «Адразу зь першых хвілінаў працы між намі ўсталявалася пачуцьцё ўзаемнай непрыязнасьці, якое да канца першай рэпэтыцыі перарасло ў лютую нянавісьць, — кажа Сяргей. — Мы рагаталі як коні ўвесьчасна, падкладалі адзін аднаму пэтарды і наогул выдатна павесяліліся. Нейкім дзіўным чынам атрымаўся трэк». «Зь Сяргеем было проста і, галоўнае, весела, — пацьвярджае Ўладзь Лянкевіч. — Давялося яго яго трохі памучыць, але здаецца, што вобраз падмарожанага хлопчыка яму вельмі пасуе».

Песьня «Марозная» была запісаная для праекту «Новае пакаленьне на Новы год», відэавэрсію якога можна паглядзець у ноч з 31 сьнежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат». Пачатак этэру ў 23:15 (па беларускім часе).

Tonqixod і Сяргей Пукст — «Марозная» (музыка гурта «Tonqixod», словы Ўладзя Лянкевіча)

Tuzin.fm

калі яна набліжаецца

стаяць скаваныя

не заводзяцца аўто

зьледзянелыя птушкі падаюць

прабіваючы лабавое шкло

рассыпаюцца пырскамі

пад нагамі хрумсьцяць

пад коламі пагатоў

мы з табою сьмяяліся

галасамі дзяцей

у дварах закончаных школ

 

не даляцеўшы да неба

сьмех застываў між галінаў

і правадоў

нават апошніх паверхаў

не дасягаў быццам холад

схапаў за хвост

 

а потым я дзеля жарту

па дурасьці прывязаў

да ейнага экіпажу

рукавы ўласнага паліто

і мяне пацягнула

ў невядомую поўнач

проста да самага ранку

на сьвятло поўні

 

у сьнежным-сьнежным кірунку

і яна ўзяла мяне ў свае карункі

 

я абмарозіў рукі

аб вашае стаўленьне

 

ад марозу занямела шчака

але я не захутаўся падставіў другую

і толькі калі састыў амаль да нябожчыка

я зразумеў: гэта яна так цалуе

хацеў быў адмовіцца адгаварыцца

з абдоймаў вызваліцца

 

але замест слоў у галаве круцілася

толькі табліца

множаньня

 

бязглузды халодны хлопчык

скрадзены і пераможаны

 

я абмарозіў рукі

аб вашае стаўленьне