Забі амэрыканца
1168 / 0
02.11.2016

Трыб’ют Neuro Dubel: «Палац» — «Забі амэрыканца!»

«Тузін Гітоў» пачынае знаёміць наведнікаў парталу з удзельнікамі праекту, прысьвечанаму гурту Neuro Dubel. Адным зь першых працу над кавэрам для трыб’юту скончыў гурт «Палац». Лідэр каманды Алег Хаменка прэзэнтуе на меркаваньне слухачоў песьню «Забі амэрыканца».

«Забі амэрыканца» — адна зь першых беларускамоўных песень Neuro Dubel. Яна трапіла на дыск «Народное достояние» (2000) — фактычна складанку найлепшых песень гурта ды ўвайшла бонусам у апошні альбом гурта «Tanki» (2004). Менавіта гэты твор абраў для трыб’юту фольк-гурт «Палац». Лідэр гурта Алег Хаменка тлумачыць гэта тым, што апошнім часам заўважна аднавілася нянавісьць да Амэрыкі ды яе кульгавае палітыкі. «Робіцца гэта так нязграбна і настойліва, што выклікае адно толькі іранічныя пачуцьці. Менавіта аб гэтым, на наш погляд, напісаў Аляксандар Кулінковіч і таму, мы паспрабавалі зрабіць гэты твор яшчэ больш саркастычным». Сярод іншага «Палац», каб давесьці свой сарказм, скарыстаў у сваёй вэрсіі «Забі амэрыканца» фрагмэнты вядомых песень пра Амэрыку і нават кавалак зь фільму «Плошча» Юрыя Хашчавацкага. «Безумоўна, гэты твор жартоўны, але з прысутнасцю думкі, якая нам падаецца слушнай», — зазначае Алег Хаменка.

З архіву ТГ, 18.04.2007