Бунтар
13549 / 0
12.10.2017

Dzieciuki & Міхась Чарот. Пабудзіць балота гучным шумам (прэм’ера!)

Гурт Dzieciuki запісаў для праекту парталу TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» песьню на верш Міхася Чарота «Бунтар».

Міхась Чарот — той самы аўтар «Купалінкі», якая доўгі час лічылася народнай. Настаўнік паводле адукацыі, актор трупы Галубка, артыст хору Тэраўскага, удзельнік антыпольскага падпольля і арганізатар паўстанцкіх атрадаў падчас Грамадзянскай вайны і інтэрвэнцыі. Ён быў адным са стваральнікаў «Маладняка» і ўладальнікам самага першага пасьведчаньня аб’яднаньня. Менавіта па ягонай аповесьці «Сьвінапас» быў зьняты фільм «Лясная быль», які прэтэндуе на званьне першай беларускай стужкі. Свой апошні верш «Прысяга» ён выдрапаў у камэры «амэрыканкі» перад расстрэлам у 1937-м… Падрабязьней пра гэтую надзвычай цікавую асобу распавяла дасьледчыца Ганна Севярынец у межах адкрытай лекцыі праекту «(Не)расстраляная паэзія» 20 кастрычніка ў кнігарні «Логвінаў».

Верш «Бунтар» — безумоўна ёсьць візытоўкаю Чарота. Радкі «Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар//Я балота буджу гучным шумам» выдатна падышлі пад эстэтыку гарадзенскай фольк-панкавай фармацыі Dzieciuki. Музыкі зь вялікай цікавасьцю паставіліся да праекту. «Як тут не лічыць праект важным, калі цэлы пласт інтэлігенцыі закапалі ў зямлю? — кажа вакаліст каманды Алесь Дзянісаў. — Пра гэта трэба казаць. І сьпяваць. Усё што засталося ад паэтаў іх творы. Шмат што было зьнішчана, але і шмат засталося. Выдатны праект, бо дае магчымасьць загінуўшым паэтам зьвярнуцца да нашчадкаў»

Музыкі сыходзілі з таго, што такі бунтарскі верш-крык чалавека неабыякавага, якому баліць, мусіць быць вырашаны ў адпаведным баявым настроі. Таму атрымалася мажорная песьня, якую напісаў гітарыст каманды Андрэй Пудзін, а канчатковую аранжыроўку зрабілі ўсе разам. «Не магу сказаць, што лёгка працавалася. Штосьці зьмянялі, нейкія кавалкі выкідалі, затое, запісаліся даволі хутка!» — кажа Алесь.

Dzieciuki плянуюць выконваць «Бунтара» на сваіх канцэртах.

Dzieciuki — Бунтар (музыка гурту, словы Міхася Чарота).

TuzinFM

Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар.

Я балота буджу гучным шумам.

У вадзе я жыву і абмыт дажджом хмар,

Але змоўкнуць ня дам сваім струнам.

Уздыму дух людзей, прабуджу іх ад сну —

Славу, будучнасьць я ім прарочу…

Я, мяцежны бунтар, клічу жыцьця вясну,

Клічу к працы свабоднай і творчай.

Як ня счуюць мяне, я мацней загуду,

Дам гучнейшы акорд песьні новай…

А каб змыць зь зямлі бруд, скалыхну я ваду,

Што дажджом налілася сьвінцовым.

Чаму ж вы, песьняры, што будзілі людзей,

Чуць ня хочаце песьні чарота?

Нашы песьні — наш кліч, бо адных мы грудзей,

Край адзін наш — то наша балота.

Дык шумі, як шумеў, велікан-ясакар,

Шапаці, сьпелы колас, у полі…

А я песьню сваю буду пець — я бунтар!

Буду клікаць народ свой да Волі.

(1922)