Грай
382 / 0
30.12.2010

«Ляпіс Трубяцкой» хоча вярнуць беларусам веру ў лепшае

Сваю новую беларускамоўную песьню гурт меркаваў паказаць на пачатку 2011 году, але вырашыў прысьпешыць працу над ёй, каб прэзэнтаваць напярэдадні Новага году. Як кажа лідэр «Ляпісаў» Сяргей Міхалок, «каб вярнуць у нашыя шэрагі веру ў сяброўства, братэрства і любоў». «Грай» бярэ ўдзел у восьмым туры на «Тузіне Гітоў».

«Грай» стаў першым беларускамоўным сынглам з будучага альбома гурта «Ляпіс Трубяцкой», выхад якога заплянаваны на 2011 год. Музыкі запісвалі яе ў Кіеве. Сяргей Міхалок вельмі задаволены тым, як яна атрымалася, таму вырашыў паказаць яе першай. Праўда, меркавалася зрабіць гэта недзе ў лютым будучага году, але гурт вырашыў прысьпешыць працу над ёй, каб прэзэнтаваць напярэдадні Новага году. Паўплывалі на гэта і палітычныя падзеі ў Беларусі, наконт якіх Сяргей Міхалок выказаў сваё меркаваньне. «Ляпіс» разам з шэрагам іншых айчынных і расейскіх камандаў таксама падпісаўся пад адкрытым лістом з асуджэньнем гвалтоўных дзеяньняў беларускіх уладаў.

«Я напісаў гэтую песьню летам, а прэзэнтаваць вырашылі ўзімку. Мы адчулі, што яна патрэбная якраз цяпер, што беларусам не стае нейкага цуду. Мы імкнуліся зрабіць з аўтарам аранжыроўкі Віталём Цялезіным нэафольк, калі выяўленчыя сродкі — даўнія, але тэхналёгіі ўльтрасучасныя. Магчыма яе можна разглядаць, як працяг песьні „Зорачкі“. Пісаў яе зь нейкім душэўным пад’ёмам. Спадзяюся, што людзі стануць у карагод ды засьпяваюць яе хорам, каб вярнуць у нашыя шэрагі веру ў сяброўства, братэрства і любоў», — кажа Сяргей. Музыкант выказаў упэўненасьць, што «пазытыў і дабро абавязкова пераможа якіх заўгодна казачных пачвараў».

Свой новы альбом «Ляпіс Трубяцкой» мяркуе прэзэнтаваць у сакавіку будучага году. Акрамя «Грай» у яго ўвойдзе яшчэ адна беларускамоўная кампазыцыя.

Ляпіс Трубяцкой — Грай (словы і музыка — Сяргей Міхалок). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы. 

з архіву TuzinFM (30.12.2010)