Дзед Мароз
555 / 0
16.10.2019

«Вольскі быў для мяне Кабэйнам». Лера Валадзько паказвае сваю вэрсію «Дзеда Мароза» (аўдыё/відэа)

У адмысловым туры аўдыёчарту на TuzіnFM, прысьвечаным музычнаму праекту «Нас у Маскве не зразумеюць», вакалістка Kriwi I Harotnica mix Валерыя Валадзько прэзэнтуе славуты гіт N.R.M. у сваім прачытаньні.

«Дзед Мароз» — знакавая песьня гурта N.R.M. зь іх магчыма галоўнага альбому «Тры чарапахі». Амаль праз 20 гадоў пасьля яе запісу, на новы 2019 год, яна загучала па-новаму, дзякуючы сьпявачцы Валерыі Валадзько. «Вельмі ўдзячная, што мне прапанавалі яе выканаць, бо яна блізкая, кранальная і любімая зь дзяцінства! Падлеткам я слухала N.R.M. і Nirvana, Вольскі такім Кабэйнам для мяне быў і я не прапускала ніводнага канцэрту! І гэты праект прынёс цёплую хвалю настальгіі», — дзеліцца ўражаньнямі Лера.

Глядзець тэлешоў «Нас у Маскве не зразумеюць» цалкам

Лерыну вэрсію «Дзеда Мароза» ўхваліў яе аўтар, Лявон Вольскі, які ў самім шоў сыграў ролю старшыні ідэалягічнай камісіі. «Выдатна, калі песьні перапяваюцца, значыць яны працягваюць сваё жыцьцё», — зазначыў выканаўца.

TuzinFM

Валерыя Валадзько — Дзед Мароз (музыка і словы Лявона Вольскага)

Мы нарадзіліся дзеля таго,

Каб сьвяціць і каб саграваць.

Дзеля таго, каб вецер быў цёплы,

Каб была мяккай трава,

Дзеля таго, каб сонца і сьнег,

Каб любіць адно аднаго.

Зрэшты, якая ўжо розьніца —

Гэта было даўно.

 

Прыпеў:

Ня плач, ня плач, дзяўчыначка,

Не наракай на лёс,

Табе свабоды скрыначку

Падорыць Дзед Мароз.

 

Горад засыпаны сьнегам ушчэнт,

Горад увесь пасівеў.

Пэнсіянэры ў тралейбусах

Мараць пра СССР.

Заплюшчы вочы свае,

Палічы да ста дваццаці.

Мы нарадзіліся дзеля таго,

Каб ісьці па гэтым жыцьці.

 

Прыпеў:

Ня плач, ня плач, дзяўчыначка,

Не наракай на лёс,

Табе каханьня скрыначку

Падорыць Дзед Мароз.

 

Ня плач, ня плач, дзяўчыначка,

Не наракай на лёс,

Табе ўдачы скрыначку

Падорыць Дзед Мароз.

за тры месяцы