Маякі
285 / 0
20.10.2020

Haina спяваюць пра маякі, што вядуць за сабой

Гурт Haina прэзентуе ў аўдыёчарце TuzinFM песню «Маякі» — яна мелася быць зусім іншай, але жнівеньскія падзеі змянілі тэкст.

Мінская каманда Haina прэзентуе трэк "Маякі" — ён пра святло, што вядзе за сабой, і хвалю, якую трэба пераадолець. Саліст гурта Ілля Паплёўка распавёў нам пра гісторыю яго стварэння:

— Першапачаткова тэкст меўся быць на іншую тэматыку, аднак падзеі ў Беларусі не далі нам шанцу прамаўчаць. Зараз ёсць адна тэма, самая важная, вакол якой аб’яднаўся народ. Нас уразіла брутальнасць вулічных падзеяў, а на гэты трэк натхніла ўсё тое, што адбываецца цягам ужо больш як двух месяцаў.

«Чалавек чалавеку звер» — гэта радкі прыпева, але завяршаюць песню словы «Там будуць маякі іншыя», і яны пакідаюць надзею. 

— Маякі, што чакаюць нас наперадзе і маякі, якія мы пакідаем за сабой – вобразы нашага новага трэка. Гэтую гісторыю мы ствараем разам, пераадольваючы перашкоды, — расказваюць музыкі.

Зараз аўдыёварыянт песні можна паслухаць толькі на Soundcloud і на сайце Тузіна. Першапачаткова яна была выдадзена лірык-кліпам, які зрабіў Аляксандр Паклонскі.

У гэтым годзе гурт выпусціў новы альбом «Фэйкі». Больш музыкі і навінаў пра іх — на старонцы гурта.