Унутраная Брытанія
1729 / 0
16.07.2014

Унутраная Брытанія

У Беларусі ёсьць музыкі, якія адбудоўваюць свой канцэпт настолькі, што хочацца сказаць: «Вы паглядзіце, што твораць гэтыя — без прыніжальнага двукосься — брытанцы!» 2morrow2late — адзін з такіх гуртоў.

Граць індзі-рок уласнага сачыненьня на ангельскай мове ў нашых краёх — справа рызыкоўная, бо слухач наўрад ці дасьць веры, ды і наогул цябе могуць зраўняць зь зямлёю. За няшчырасьць, няўмелае прыпадабненьне да заходніх узораў ці наіўнае правінцыйнае імкненьне скарыць сьвет. У большасьці выпадкаў так яно і ёсьць — узровень запісу/выкананьня/зьместу/вымаўленьня/самапрэзэнтацыі такіх гуртоў на вельмі нізкім узроўні. Лепей ужо ставіць на кавэры, граць у кабаках ды на СТВ, каб не выклікаць хвалю праведнага гневу — маўляў, гляньце, «брытанцы» тут знайшліся. Выжываюць у гэтай тэме адзінкі, якія адбудоўваюць свой канцэпт настолькі, што хочацца сказаць: «Вы паглядзіце, што твораць гэтыя — без прыніжальнага двукосься — брытанцы!» 2morrow2late — адзін з такіх гуртоў.

У параўнаньні з даволі сумным сваім дэбютам музыкі зрабілі істотны крок наперад у новым альбоме «My Best Enemy». Каб патрапіць у настрой рэлізу ды ўласна прасякнуцца энэргетыкай каманды, праслухоўваньне трэба пачынаць з проста бездакорнага трэку №2 («rockNrol») у найлепшых традыцыях тру-року, а потым для кантрасту і разуменьня на што яшчэ здольная каманда, — «Close», запісанай пры ўдзеле вакалісткі гурта Harotnica Валерыі Валадзько. Толькі за гэтыя нумары 2morrow2late можна ўключаць у мясцовы філіял залі сусьветнага рок-н-ролу, калі б такі існаваў.

2morrow2late — працавітыя і майстравітыя хлопцы. Адчувальна, што ў запіс «My Best Enemy» ўкладзена няма высілкаў. Як вынік — гукавая карціна альбому выглядае вельмі прывабна, хоць часам ёсьць пытаньні да выразнасьці вакалу (ну калі зьнікне гэтае адчуваньне пры праслухоўваньні выдадзенага альбому, што чуеш усяго толькі сыравіну!). Толькі ўхвалы заслугоўваюць спробы разнастаіць музыку рознымі прыдумкамі — гаворка пра згаданы ўжо трэк з Валадзько і саксафон у «Tear the Chains» (такога бы паболей, проста цудоўна выйшла).

«My Best Enemy» — альбом з двайным, а то і трайным дном. Нават прахадныя на першы погляд трэкі раскрываюцца пасьля наступнага праслухоўваньня, і выходзіць, што з праграмы не выпадае ніводзін. Ёсьць усе падставы спадзявацца, што музыкі будуць надалей сьмялей экспэрымэнтаваць з гукам і ўрэшце спраўдзяць сваю мару выступіць перад 500 тысячамі гледачоў, бо кепскі той рокер, які ня марыць выступіць на Glastonbury. Ну ці хаця б перад 5000, што ўжо магло б быць добрым доказам таго, што «ўнутраная Брытанія» жыве і квітнее.

2morrow2lateMy Best Enemy, 2014

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by