Lyapis Crew: бяз пылу і агню
2014 / 0
02.09.2014

Lyapis Crew: бяз пылу і агню

Музыкі зь Беларусі, Украіны і Расеі ўшанавалі гурт «Ляпіс Трубяцкі», які спыніў ужо сваё існаваньне. Збольшага выйшла кісла, млява і нецікава.

Першая частка трыб’юту «Ляпісаў» атрымалася вельмі стракатай у пляне прадстаўнічасьці. Міхалка перасьпявалі рокеры, рэпэры, мэталісты ды гард-кораўцы. Трэба разумець, што мэнэджмэнт гурта вырашыў нікога ня крыўдзіць і жорсткі кастынг не праводзіць, таму рэліз перапоўнены няўцямнымі, бляклымі і проста прахаднымі рэчамі. Не ратуюць нават імёны — Noize MC зрабіў свой нумар прадказальна і нясмачна, папсаваўшы песьню пра «12 обезьян», хоць ужывую выконвае яе з нэрвам і больш сакавіта.

Яшчэ адна славутасьць, рэпэр Баста, без надрыву і пантоў зрабіў нечакана кранальную вэрсію «Евпатории» зь пяшчотным жаночым бэкам — адзін зь нешматлкіх гітоў даўніх часоў, які трымаўся ў рэпэртуары «Ляпісаў» да апошняга. Але назваць яе пераадкрыцьцём і цьвіком рэлізу таксама цяжка.

Наогул не стае «труб’юту» перцу, хоць тут і прысутнічаюць радыкальныя кавэры, як вядомая ўжо даўно «Парагалактика» TT-34 ці «Нафта» з экстрэмальным жаночым вакалам ад Exist-M. Цікавы падыход абралі ўкраінскія каманды «Бумбокс» і O.Torwald, якія ўзяліся на пару пераасэнсаваць ненавісную Міхалку песьню «Сочи», уклаўшы ў яе «крымскі» падтэкст. Стала так, што крадуць не нявесту, як там задумвалася ў арыгінале, а ўласна паўвостраў.

Але безумоўныя слупы першай часткі праекту — дзьве песьні замежных выканаўцаў. Нямецкамоўная вэрсія «Капіталу» ад нідэрляндца Ёгана Мэера зробленая менавіта так, як мусіць выглядаць песьня на якім-кольвек трыб’юце: са зламанай аранжыроўкай ды ўласным творчым унёскам, цікавай прыдумкай паверх арыгіналу. Той выпадак, калі арыгінал і кавэр параўнаць між сабой проста немагчыма, бо кожны зь іх уяўляе самастойны творчы прадукт. Другая выдатная рэч — «Грай» ад Сяргея Бабкіна, таксама ад просталінейнага арыгіналу вельмі далёкая і ў нечым нават больш выйгрышная, раптоўна лёгкая і паветраная, з саксафонам і хорам.

«Lyapis Crew: ТРУбьют, Vol.1» выйшаў на дысках з трэк-лістом на 19 песень, у электронным выглядзе рэліз складаецца ажно з 29 песень — дадалося некалькі неабавязковых кавэраў, зь якіх можна вылучыць хіба «Грай» ад «Вороны», зроблены з падкрэсьленай павагай да арыгіналу, ды ўкраінскамоўны варыянт «Броненосца» ад Lazy Fingers. Мяркуецца выдаць яшчэ дзьве часткі трыб’юту — глядзіш, і назьбіраецца такім спосабам зь дзясятак цікавых трэкаў.

«Lyapis Crew: ТРУбьют, Vol.1» можна набыць на iTunes, паслухаць рэліз можна празь «Яндекс.Музыка».

Lyapis Crew: ТРУбьют, Vol.1, Союз, 2014

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by