Tanin Jazz. Танцорка ў цішы
1921 / 0
20.02.2015

Tanin Jazz. Танцорка ў цішы

Таня Гарошка з кампаніяй запісала ідэальны лаўнж-альбом, які калі і ацэняць належым чынам у Беларусі, то толькі праз гады.

Tanin Jazz пад канец 00-х быў ці ня самым пэрспэктыўным праектам зь Беларусівыдатны старт з альбомам «Feel This Time», удзел у саўндтрэку да стужкі «Розыгрыш» Лунгіна і Кудзіненкі, паездка на літоўскі Be2gether, пасьпяховыя клюбныя выступы ў Менску і МасквеАле празь некаторы час пра гурт Тані Гарошкі калі і згадвалі, то больш у мінулым часемаўляў, была такая някепская група ды ўсплыла. Справа далей не пайшла і авансы ня спраўдзіліся, у тым ліку і праз трагічную падзею — памёр тэкставік і гітарыст каманды Мацін Асімаў. Таня спрабавала запусьціць новы клюбны праект пад цяжказапамінальнай назвай Monsoon Sexy Season, але ад брэнду Tanin Jazz не адмовілася, зьбіраючы раз-пораз пад гэтаю шыльдаю выдатных музыкаў. Яна шукала новае гучаньне як для ранейшых песень, так і для новых. Студыйны і канцэртны Tanin Jazz наогул выглядалі як два зусім розныя гурты. Уласна кажучы, альбом «Remade Silence» — гэта і ёсьць спроба прывесьці да адной роўніцы абодва фарматы існаваньня.

Каб атрымаць найбольш поўнае ўяўленьне ад дадзенай працы і зразумець на што здольны Tanin Jazz, праслухоўваньне можна пачаць з шостага трэку — «My Babe», з шалёнымі клявішамі Косьці Гарачага. Гэта ня значыць, што іншыя трэкі саступаюць у пляне выканальніцкага майстэрства. Проста гэты найхутчэй устаўляе. Акром «My Babe»з дэбютніка 2008 году тут прысутнічаюць таксама істотна перапрацаваныя «Feel This Time», «I Believe», «Virtual Love», перакладзеная на ангельскую (Таня ў прынцыпе адмовілася ад расейскай мовы выкананьня). Гучаньне кружэлкі мацуюць бас Славы Сяргеенкі, вядомага з WZ-Orkiestra ды бубны Аляксандра Мінца. Без сумневу, настрой альбому ствараюць клявішы Гарачага і беспадобны вакал Тані Гарошкі на вытанчаныя і ненапружныя тэксты Алены Аракелян, якая і сама зьяўляецца бліскучай джазавай сьпявачкай.

Tanin Jazz працуе на рэдкай для беларускай музычнай сцэне дзялянцы, абсалютна вольна абыходзіцца з музычнай формай і — што найбольш цэнна — абсалютна не заганяе сябе ў межы пэўнага жанру. Таня Гарошка сама па сабе вакалістка ўнікальная, з адметнай манерай выкананьня. Яе голас не сьцяты, яна не намагаецца прыпадабніцца да нечай манеры выкананьня і відавочна атрымлівае задавальненьне ад таго, як яно ўсё атрымліваецца. Тое, што гучыць у «Remade Silence» якраз і павінна звацца поп-музыкай, далёкай ад шаблёнаў і пошласьці, лёгкай, ненавязьлівай, густоўнай. Праўда што, такі прадукт трэба вучыца смакаваць, ён не для хуткага спажываньня, ад таго вымагае ад слухача прынамсі мінімальнай падрыхтоўкі. На жаль, на беларускім ТВ і радыё інтэлектуальную лёгкую музыку ня надта шануюць, таму вялікай папулярнасьці і прызнаньня на гэтай тэрыторыі ім чакаць не выпадае. Затое яны цалкам здатныя на тое, каб ачараваць замежнага слухача.

«Remade Silence» — гэта яшчэ што, наперадзе ў Tanin Jazz яшчэ больш неверагодны рэліз — першы беларускамоўны лаўнж-альбом. Апублікаваныя трэкі зь яго сьведчаць, што гурт працягвае свой пошук, зноў зьмяняе гучаньне і гатовы прыемна зьдзіўляць надалей.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by