Сярога. Чый туфель?
2110 / 0
17.03.2015

Сярога. Чый туфель?

Рэп-кор праект Сярогі з гітарыстам ТТ-34 Дамавым «Туфлі гну» могуць папракнуць у жорсткасьці, лютасьці, агрэсіі і нават экстрэмізьме. І будуць мець рацыю.

Бывае, што артысту дакучае адпавядаць навязаным фарматам, чаканьням публікі ды ўсялякай іншай трасцы, якая суправаджае вялікі шоў-біз, і карціць агучыць іншыя свае думкі, часам зусім ужо нечаканыя і парадаксальныя. Без цэнзуры, намёкаў, двухсэнсоўнасьці. І тады адбываецца цуд. Ён ужо адбыўся зь Міхалком, калі паўстаў «Капітал», а цяпер адбываецца зь Сярогам. Паралельна з рэп-альбомам «50 оттенков Серого», запісаным у новым вобразе — тонка, сумленна, душэўна, (сама)іранічна, ён прадставіў уціхую яшчэ праект «Туфлі гну» — поўную антытэзу таму, што ён рабіў дагэтуль. Праект характарызуецца цяжкім, насычаным, гразкім гард-коравым гукам з гітарай удзельніка ТТ-34 Сяргея Кузьмянкова (чуваць яшчэ голас экс-вакаліста гэтай каманды Аляксандра Пацёмкіна, хоць яго ў праекце не заяўлялі) і проста забойчымі тэкстамі. Пяецца ад героя, даведзенага да адчаю, вулічнага змагара, ахвяры сыстэмы — як заўгодна. Ён гатовы падзяліцца з усімі рэцэптам кактэйлю Молатава ды распавесьці як эфэктна выкарыстаць цагліну ў супрацьстаяньні з спэцназам («Коктейль Молотова», «Кирпич»). Яго ўводзіць у шаленства замбаванае грамадзтва ды імкненьне (уяўнай) дзяржавы ўзяць усё пад татальны кантроль («Зомби», «Удобные люди»). Ну а дзікі вокліч «Хуле вы катаеце вату» з маляўнічым кліпам, дзе гопнік туды-сюды возіць па двары тачанку, — гэта ўжо для тых, хто усё яшчэ сумняецца, на чыім баку артыст у гэтым баі. Цікава, што альбом гэты пачаў рыхтавацца яшчэ да падзеяў на Майдане і расейска-ўкраінскай вайны. Пархоменка пяе так, нібы бачыў пекла. Лютасьць, нянавісьць, жорсткасьць і жарсьць, зь якою падаецца матэрыял, можа ўразіць нават самых гарачых. А некаторых пакрыўдзіць — напрыклад, тых, хто зь піетэтам ставіцца да расейскай рок-сцэны (глядзі кліп «Корм»). Выбух быў бы неверагодны, калі б «Туфлі гну» ўвайшлі ў кааліцыю з Brutto. Што б там ні казаў Сярога, ёсьць у іх шмат чаго супольнага.

Прадстаўлены дэбютны рэліз «Туфлі гну» ў вельмі незвычайным фармаце — відэаальбому, куды ўвайшлі сем анімаваных ролікаў. Выйшаў такі музычны сэрыял вострасацыяльнай скіраванасьці. Фармат спрэчны, бо аднаразовы. Глядзець цікава, але ў трэці-чацьверты раз вяртацца ня карціць. Цікава, што Сярога зусім не карыстаўся сваім імем і магчымасьцямі для прасоўваньня гэтага праекту (толькі што зводзіў гукач, што працаваў з AC/DC і Bon Jovi). Тым і тлумачыцца, мусіць, невялікая колькасьць праглядаў відэа і адсутнасьць жывых выступаў. Выглядае проста на выкід нэгатыўнай энэргіі, мімалётнае жаданьне выказаць сыстэме дысрэспэкт ды рэалізаваць свае самыя сьмелыя музычны мары. І гэта 10+.

Cяргей Будкін