Zabelov Group. Па сакрэце ўсім на сьвеце
2052 / 0
28.04.2015

Zabelov Group. Па сакрэце ўсім на сьвеце

Беларус Раман Забелаў і чэх Ян Шыкал аб’ядналіся, каб запісаць альбом-цуд. Надзвычайную каштоўнасьць для тых, хто ўмее слухаць музыку.

Каб ясна было адразу — гэта праект іншага Забелава. Не таго баяніста-вар’ята і чалавека-аркестра, што разьдзімаў мяхі ў «Нагуалі», «Серебряной свадьбе» і «Гурзуфе». Тое быў Ягор, які цяпер працуе над сольным праектам. А гэта Раман, яго малодшы родны брат, і сваё існаваньне ў музычнай прасторы ён фактычна пазначае гэтай вось «сакрэтнай сэсіяй», якую запісаў разам з чэскім калегам Янам Шыкалам. Па легендзе, зроблена ўсё лайвам за раз, толькі ўдвух, у пустой залі Праскай кансэрваторыі. У гэта можна было і не паверыць, каб у якасьці доказу ня зьнялі відэавэрсію рэлізу.

Паверыць цяжка, бо хлопцы дасягаюць неймаверна калярытнага і багатага гучаньня ў мінімалістычным фармаце дуэта. Ягор чаруе з сваім інструмэнтам, але без навязьлівасьці і самалюбаваньня. Ён працягвае традыцыі дынастыі баяністаў Забелавых і мае што сказаць з гэтай нагоды. А Ян у дадатак да пэркусіі насычае кампазыцыі электронікай. Магічны складнік узмацняе такі малаўлоўны, высьлізгваючы вакал, які ідзе фонам у некаторых эпізодах гэтай чароўнай п’есы. Zabelov Group забіраюць з сабою ў сваю гэтую казку адразу ж ад кампазыцыі «Pop» і не адпускаюць да самага апошняга аккорду «Sheintod». Пры здольнасьці пагрузіцца ў музыку асалода гарантаваная. Трэкі плывуць, як плынь ракі. Тэмп можа зьмяняцца, але на агульным настроі гэта аніяк не адбіваецца. У музыцы Забелава і Шыкала пануе супакаеньне, мэдытаўнасьць, замірэньне з сабою, прасторай і часам. Пры гэтым яна адкрытая для тлумачэньняў і напаўненьня сэнсамі, таму і назвы кампазыцыяў і асацыяцыі, якія можа выклікаць той ці іншы твор, могуць быць у кожнага свае.

Zabelov Group стварылі цуд жывой інструмэнтальнай музыкі, якая існуе на сутыку жанраў. У Беларусі на такім узроўні і ў гэтай нішы (-ах) знаходзяцца яшчэ хіба Port Mone, Morfe і той жа Yegor Zabelov Trio. Такі альбом можа запісаць кампазытар добравывучаны, але ня надта папсаваны клясычнай адукацыяй, якому дадзена мысьліць глябальна. Яму ніколі ня будзе ўтульна ў межах пэўнага музычнага стылю, прага да экспэрымэнтаў і багатая фантазія рухаюць яго наперад. Таму і вынік гэтых пошукаў уяўляе надзвычайны інтарэс. Пекната, адным словам.

Сяргей Будкін