«Дай дарогу!». Паміж блатняком і каліфарняком
2108 / 0
26.08.2015

«Дай дарогу!». Паміж блатняком і каліфарняком

Берасьцейцы знайшлі ўтульную нішу — недзе між дваровым блатняком і каліфарняком, — і тут у іх няма канкурэнтаў і блізка. У астатніх выходзіць дужа патасна і пошла. У «ДД!» эфэкт праўдзівасьці дасягаецца лёгка і проста.

У Беларусі ў такім узросьце звычайна кар’ера падыходзіць да свайго лягічнага завяршэньня. А ў гурта «Дай дарогу!», такое адчуваньне, усё толькі пачынаецца. Яны запісалі новы альбом бадзёрых і бесцырымонных панк-нумароў, разьлічаных на тых, хто толькі нарадзіўся, калі Стыльскі і кампанія выдалі свой першы альбом «Зацепило» (1999) — у ім, дарэчы, таксама было нешта пра танкі, хоць за мікрафонам быў ня Юра (ён толькі на гітары граў), а саўнд быў больш злы, п’яны і бязьлітасны. «Дай дарогу!»  працяглы час неяк існавалі па-за кантэкстам мясцовай рок-музыкі, і ўсур’ёз, здаецца, іх пачалі ўспрымаць толькі калі Стыльскі запісаў дуэт зь Міхалком, а чарга на яго канцэрты ў Re:Publiс пачала заварочваць за другі рог будынку.

У сваім новым рэлізе, назвы якому вырашана было не прыдумляць, хлопцы працягваюць займацца дакладна прадуманым разьдзяўбайствам. І вось што цікава: пры тым, што яны ўмела сябе прадаюць, прымаць іх за камэрсантаў аніяк не выпадае. Ну, хіба толькі ў песеньцы «Твои каштановые волосы», зь якой Стыльскага можна сьмела клікаць на зборны канцэрт да Дня міліцыі. Калі добра прыгледзецца, то акурат у ёй і закладзеная ідэалёгія «Дай дарогу!», як музычная, так і тэматычная. Берасьцейцы знайшлі ўтульную нішу — недзе між дваровым блатняком і каліфарняком, — і тут у іх няма канкурэнтаў і блізка. У астатніх выходзіць дужа патасна і пошла. У «ДД!» эфэкт праўдзівасьці дасягаецца лёгка і проста — зь першай жа песьні пра «Мальдивы», якія прапануецца зрабіць проста ў сябе ў ваньне.

Стыльскі з тых, хто, ня маючы аніякіх здольнасьцяў сьпяваць, заваёўвае публіку зь першага разу. Найперш за кошт харызмы і тэкстаў — у меру забаўных, у меру вострых, хоць і ёсьць адчуваньне, што нешта ён часам недагаворвае ці то праз самацэнзуру, ці то празь недахоп словаў, каб-выказаць-гэта. Так ці інакш, парачка хукаў па любімых гуртом тэматычных кірунках тут ёсьць. Сацыяльная і побытавая праблематыка адлюстраваная ў трэках «Общество колек» і «Съёмная хата», а мэлядраматычны складнік увасабляе «Выходи», якая па экспрэсіі не саступае, пэўна, самай кранальнай песеньцы гурта — «Переночевать». І абавязковы для «ДД!» хвацкі рок-н-рол — у дадзеным выпадку «Передоз». У параўнаньні з папярэднімі альбомамі яскравых гітоў тут, можа, і меней, але запісана ўсё настолькі крыштальна чыста, што ў дыскаграфіі каманды гэты дыск, можа, нават найлепшы. У гэтым пляне дзеля параўнаньня можна пераслухаць той самы першы альбом 16-гадовай даўніны, каб зразумець якіх вынікаў можна дасягнуць пры шматгадовай руплівай працы.

Сяргей Будкін