«Вясёлых жабракоў» вярнулі зь небыцьця
2212 / 0
27.11.2013

«Вясёлых жабракоў» вярнулі зь небыцьця

Адна з самых супярэчлівых праграмаў «Песьняроў» на словы Робэрта Бэрнза перазапісана на сучасны лад. Мулявіну з Паліводам карцела складаных музычных формаў, маштабных арт-рокавых палотнаў, а публіка патрабавала «Вологду» ды з прахалодай успрымала падобныя экспэрымэнты. Спадзявацца, што праграма стане гітом сёньня, таксама не выпадае.

«Весёлые нищие» — яшчэ адзін шэдэўр беларускага савецкага року, вернуты зь небыцьця. Да гэтага разам сабралася «Сузор’е», каб запісаць рок-опэру «Песьня пра зубра», задуманую на пачатку 80-х; пару гадоў таму перасьпяваная і перазапісаная (праўда што, зусім няўдала) геніяльная «песьняроўская» рок-опэра «Гусьляр», а Нацыянальны акадэмічны народны аркестар сёлета адрадзіў на сцэне «Песьню пра долю» — забыты і незапісаны шэдэўр «Песьняроў» канца 70-х. Ініцыятыва вярнуць слухачу рок-опэру паводле вершаў Робэрта Бэрнза ў перакладзе Самуіла Маршака на музыку Ігара Паліводы належыць былому ўдзельніку «Песьняроў» Барысу Бэрнштэйну. Праца праведзеная калясальная: усе партыі былі адноўленыя і запісаныя наноў разам з запрошанымі вакалістамі, раскіданымі па ўсім сьвеце. Толькі ў адным нумары «Я пью твоё здоровье» гучыць арыгінальны архіўны запіс з голасам Дайнэкі і клявішамі самога Паліводы, якога ўжо 17 гадоў няма з намі.

Гэты альбом запісаны ў вельмі рэдкім для беларускай музыкі жанры «музычнай рэканструкцыі». Задача перад удзельнікамі праекту стаяла ясная — у ніякім разе не папсаваць арыгінал і максымальна блізка выканаць творы, задуманыя 30 гадоў таму. Адпаведна, разьлік быў найперш на тых, хто вельмі тонка адчувае творчасьць «Песьняроў» — маладых вакалістаў Яна Жанчака і Пятра Ялфімава, — ды на «старую гвардыю» ў асобах Людмілы Куц, Аляксандра Віслаўскага, Людмілы Ісупавай (тая самая адзіная вакалістка за ўсю гісторыю «Песьняроў»). Значная частка музыкантаў былі ў складзе ансамбля Мулявіна ў розныя часы. Безумоўнага шарму працы дадаў бэльгійскі беларус Алег «Джагер» Мінакоў. «Базарный шут» у яго выкананьні — адзін з самых яскравых нумароў праграмы.

Узровень выканальніцкага майстэрства ў гэтай працы ўражвае. «Весёлые нищие» — адна з самых супярэчлівых праграмаў «Песьняроў». Мулявіну з Паліводам карцела складаных музычных формаў, маштабных арт-рокавых палотнаў, а публіка патрабавала «Вологду» ды з прахалодай успрымала падобныя экспэрымэнты. Тым сучасная інтэрпрэтацыя і каштоўная, бо дае магчымасьць ацаніць тое, чаго не прынялі больш за чвэрць стагодзьдзя таму. Зрэшты, спадзявацца, што праграма стане гітом сёньня, таксама не выпадае. «Жабракоў» можна ўспрыняць ня толькі ў гістарычным ракурсе, але і як музычны майстар-клясу ў пляне вакалу, аранжыровак і пабудовы канцэптуальнай музычнай дзеі. І, вядома ж, гэта даніна памяці выдатнаму кампазытару Ігару Паліводу, маштаб творчасьці якога так пакуль да канца не асэнсаваны сучасьнікамі.

Спампаваць і паслухаць альбом можна на афіцыйным сайце праекту.

SB, Tuzin.fm/Budzma.org

за тыдзень
за тры месяцы