Піт Паўлаў з капэляй, хорам і арганам
2175 / 0
06.02.2014

Піт Паўлаў з капэляй, хорам і арганам

Хор Fiat аб’яднаўся з этна-праектам Піта Паўлава Paparać, каб запісаць праграму, якая заўсёды будзе актуальная.

На дыску «Калядны куфэрак» сабраныя рэлігійныя і калядныя сьпевы безь якіх і сьвята — ня сьвята. Усе яны перааранжаваныя наноў для гэтага маштабнага праекту, у запісе якога ўзяў удзел з тузін музыкаў: парафіяльны хор Fiat зь Мёраў, струнныя, арган і капэля Paparać у поўным складзе (урэшце Піт Паўлаў зразумеў, што назва Pete Paff не зусім пасуе да фольк-гурта). Праект рабіўся з бласлаўленьня ксяндза Кшыштафа Мянкіны, які ўзяў удзел і ў працы над дыскам.

Піт у «Калядным куфэрку» не сьпявае. Цяперашні франтмэн N.R.M. паўдзельнічаў тут у аранжаваньні кампазыцыяў, іх запісу ды падыграў на гітары і домры. Усе вакальныя партыі на дыску выконвае хор, таму гучыць усё крыштальна чыста і дасканала.  Хор гэты працуе пры Мёрскім касьцёле ўжо 12-ы год і мае ў дыскаграфіі два дыскі. Дзякуючы ўдзелу ў праекце гурта Paparać сьпевы набылі сьвежае і цікавае ўвасабленьне, багатае і сакавітае гучаньне. Адна зь безумоўных удачаў — трэк «Ой на моры», у якім назіраецца найвышэйшая гармонія хору і гурта. Прыгожае спалучэньне выйшла і ў песьнях «Учора зь вячора» і «Новая радасьць стала», якія папсаваць у прынцыпе немагчыма. Як і «Ціхую ноч», якую на гэтым дыску можна пачуць у харавым выкананьні ў суправаджэньні аргану і скрыпак.

Вельмі прыгожы і вытанчаны праект атрымаўся. З катэгорыі на ўсе часы. Безумоўна ён варты вялікай прэзентацыі. Цікава было б пачуць гэтыя песьні ў такім выкананьні ў касьцёльных мурах. Піт з музыкамі, дарэчы, досыць актыўна выступае ў касьцёлах. І гэта выглядае і гучыць проста фантастычна.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org