Палёты ў сьне і наяве
11754 / 0
14.03.2014

Палёты ў сьне і наяве

Дэбют SP Kava атрымаўся надзвычай удалым. Толькі не чакайце ад рэпэра дынамічных нумароў. Яго міні-альбом «Што табе сьніцца» выйшаў увесь адпаведны сваёй назьве — ціхі, разважлівы, млявы нават. І чытка адпаведная — вакал нібы адмыслова запісваўся ў самнамбулічным стане.

Адзін з заснавальнікаў гурта PANaNieba, які былі запісалі ледзьве не ў галоўную надзею беларускага рэпу, выправіўся ў адзіночнае плаваньне. Уласна, сваю дзеяздольнасьць у якасьці сольнага выканаўцы SP Kava засьведчыў пару гадоў таму, калі запісаў некалькі твораў па матывах гітоў Neuro Dubel i Akute. Але тое былі хутчэй забаўкі, зробленыя на хуткую руку. У сваім першым міні-альбоме «Што табе сьніцца» рэпэр зь Вялейкі прапануе цалкам аўтарскі матэрыял. Тут усяго чатыры трэкі, якія пеставаліся два гады. Прычым большасьць зь іх запісаная пры ўдзеле флейты і дуды Вячкі Красуліна («Кашлаты Вох») ды гітары Тараса Апарыка («Планета всех»). Жывыя інструмэнты проста чароўна спалучыліся з электронным бітам.

SP Kava — яскравы прадстаўнік новай хвалі беларускамоўнага рэпу. Яго творчасьць цалкам пазбаўленая грамадзянскага патасу ды рэвалюцыйнага запалу. Цяпер наогул сьпяваць пра гэтыя ўсе справы стала неяк нямодна — маладыя выканаўцы ўсё часьцей заглыбляюцца ў сябе і свой унутраны сьвет. У рэлізе «Што табе сьніцца» адсутнічаюць дынамічныя нумары, ён выйшаў увесь адпаведны сваёй назьве — ціхі, разважлівы, млявы нават. І чытка адпаведная — вакал нібы адмыслова запісваўся ў самнамбулічным стане. Аўтар паказвае сябе някепскім лірыкам, у яго тэкстах не адчуваецца нацягнутасьці і прыдуманасьці, што ня можа ня радаваць на тле ўсеагульнай рэпэрскай непісьменнасьці.

Не сказаць, што ў гэтай працы ёсьць галоўны гіт. Песьню, якую хочацца падхапіць і зь якой хочацца пэўны час пражыць, SP Kava пакуль не напісаў. Затое кожны зь яго трэкаў цікавы сваёй небанальнай пабудовай. Міньён «Што табе сьніцца» — выдатная заяўка на будучыню. Будзем спадзявацца, што выканаўцу хопіць імпэту на стварэньне паўнавартаснага альбому.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org

Міні-альбом «Што табе сьніцца» можна набыць на канцэртах SP Kava, альбо замовіць у інтэрнэт-краме PRASTORA.by альбо спампаваць на афіцыйным сайце выканаўцы.