Зэнон прыйшоў заўчасна
2743 / 1
15.04.2014

Зэнон прыйшоў заўчасна

Дэбютны альбом ананімнага выканаўцы, які ў сваёй творчасьці сумясьціў традыцыі бардаўскай песьні, фольку і рэп-музыкі. Сам Зэнон заяўляе, што ён займаецца гіп-гоп-рэканструкцыяй і спрабуе ўявіць, якім мог быць беларускі рэп у 60-х гадах мінулага стагодзьдзя.

Чаму ў 60-х — няясна. Лягічна, каб нешта такое зьявілася на хвалі адраджэньня, на зломе 80-х і 90-х. Во тады мог быць выбух. Сёньня гэтая праца слухаецца трошачкі наіўна, яна наскрозь прасякнутая патрыятычным патасам і рамантычнымі ўяўленьнямі пра цуда-край — Вялікую Літву. У гэтым пляне Зэнон арыгінальны, бо да такой тэматыкі цяпер зьвяртаюцца адзінкі.

Песьні з альбому «Літвіны» яўна запісаныя ў хатніх умовах у розны час, пра зьвядзеньне і майстарынг гаворкі не вядзецца. Акустычная гітара, якая ў Зэнона асноўны інструмэнт, запісаная зусім неахайна. Бачна, што выканаўца тэхнічным бокам справы не асабліва пераймаецца, для яго важна данесьці сваю ідэю. І часам гэта ўдаецца на ўсе 100%, як у «літвінскім» блёку. Безумоўны посьпех рэлізу — «Літвін», проста ўзор беларускага патрыятычнага рэпу, ці не адзіная песьня, якая някепска запісаная і шыкоўна пададзеная. Выдатна гучыць твор «Літвіны» з жаночым вакалам. Астатняе выглядае хутчэй на дэма-запісы і хатнія напрацоўкі, яшчэ не даведзеныя да ладу — некаторыя з трэкаў не сягаюць і хвіліны, а ўсе 18 трэкаў альбому гучаць усяго 33 хвіліны (пазьней у сэт-ліст дадаліся яшчэ два трэкі).

Зэнон добра валодае словам і мае здольнасьць пісаць песьні, якія могуць пайсьці ў народ. Адзін з удалых хадоў — ужываць прыпевы народных сьпеваў ва ўласных творах («Купалінка» выйшла вельмі мілай). Яшчэ адна ўдача — чысьцюткі жаночы вакал, які гучыць у некалькіх творах. А вось уласны вакал варта бы яшчэ падцягнуць альбо не спрабаваць пяяць і засяродзіцца на чытцы. Карацей, усё ў Зэнона ў адносным парадку, але з альбомам пасьпяшаўся ён.

Акром аўдыёварыянту, песьні з альбому існуюць яшчэ зь відэаўвасабленьнем на канале выканаўцы на Youtube.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ: