Салодкае і дабрадушнае нішто
2177 / 1
02.05.2014

Салодкае і дабрадушнае нішто

Адсутнасьць вострых вуглоў, звыклы пляскаты гумар, абавязковы ўра-растаманскі нумар ды туга па Цоі і моры. Віталь Артыст працягвае пісаць лісты сабе самому ў дзяцінства ў новым альбоме «Без билета».

Віталь Артыст у сваім рэпэртуары: ён па-ранейшаму сьпявае пра бясконцасьць космасу, вечнае лета ды адну мару на дваіх. «Без билета» — умелыя інтэрпрэтатары і тым выгадна адрозьніваюцца ад безаблічнай масы кавэр-бэндаў, якія калі і бяруцца за ўласны матэрыял, то прапануюць прадукт другасны і малацікавы, бо надта ўжо цісьне на іх ужо-кімсьці-створанае. Новы альбом ББ таксама поўніцца цытатамі ды спасылкамі, але чужы даробак умела апрацаваны і прапушчаны празь сябе такім чынам, што фармуе пазнавальны імідж каманды — весельчакоў, якія любяць Цоя і мора, мультфільм пра брэмэнскіх музыкаў, індыйскія мэлядрамы і трошачкі дыска-музыку 80-х. Туга па позьнесавецкім дзяцінстве ў гэтай працы яшчэ больш выразная, чым у мінулым альбоме «Звезда» з настальгічным сынглам-кліпам. Віталік нібы працягвае пісаць лісты сабе самому ў дзяцінства. Ці проста працягвае заставацца маладым. Прынамсі, ёсьць трывалае адчуваньне, што тэксты ББ піша як мінімум 15-гадовы падлетак.

Пры гэтым Артыст выдатна разумее каньюнктуру і добра адчувае, як павінная гучаць музыка ў сярэдзіне 10-х гадоў XXI стагодзьдзя. Беларускімі Daft Punk гурт не назавеш, але тое, што творчасьць французаў паўплывала на гэтую працу, адчувальна ледзь не ў палове песень (асабліва у «Одна на двоих мечта»). Гучаньне ББ стала яшчэ больш мяккім і пралічаным, што можа працягнуць новых прыхільнікаў, але пры гэтым распалохаць старых, якія паважалі творчасьць Артыста найперш за няроўнасьць і агульную непрадказальнасьць. «Море» — добры поп-альбом, зусім бяз вострых вуглоў, з тым самым звыклым пляскатым гумарам («Пятніца») ды абавязковым ура-растаманскім нумарам («На Ямайку»). Праўда, сюрпрыз тут усё ж ёсьць — апошні інструмэнтальны трэк «Ночной маяк» з налётам world-music. ББ пачыналі з этнікі, і было б вельмі цікава, каб яны да яе вярнуліся ўжо з улікам атрыманага досьведу. Магла б атрымацца сапраўды фантастычная праграма, а ня гэтае салодкае і дабрадушнае нішто.

Альбом «Море» можна набыць праз iTunes, паслухаць у афіцыйнай суполцы гурта.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    06.05.2014 / 19:43

    Зьявілася яшчэ адно відэа на песьню з гэтага альбому - "Солнце взойдёт" у акустычнай вэрсіі https://www.youtube.com/watch?v=cbog50S-2eY

  • КАМЕНТАВАЦЬ