
Музычны відэапэрформанс ад гурта BosaeSonca
Новае музычнае відэа BosaeSonca было зьнята ў выніку пэрформансу, які музыкі зладзілі ля менскай Ратушы.
Музыкі вырашылі пайсьці на творчы экспэрымэнт, каб зьняць відэа на песьню «У маёй галаве». Разам з ансамблем сацыяльных танцаў «Арэлі» яны зладзілі пэрформанс. Прафэсійныя танцоры вучылі ўсіх ахвочых танчыць у стылі ліндзі, музыкі ў гэты час гралі ўжывую, а рэжысэр Сяргей Дрэваль усю гэтую дзею фіксаваў на відэа. Пэрформанс адбыўся на плошчы Свабоды, ля Ратушы.
«Здымкi былi заплянаваныя спантанна. Таму i працэс, i вынік атрымалiся таксама доcыць спантаннымi. Але ад гэтага ня менш настраёвымi i атмасфэрнымi», — распавядае лідэр гурта BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў. Ён кажа, што ўдзельнікам каманды захацелася зрабіць нешта разам з сваімі прыхільнікамі, таму і задумалі зрабіць такое відэа.
Ролік паказалі публіцы ўжо праз тры дні пасьля здымак — на канцэрце ў «Графіці». Гэтая прэзэнтацыя выклікала ў Алеся яшчэ больш станоўчых эмоцыяў, чым уласна здымкі. «Гэта быў хiба што найлепшы канцэрт BosaeSonca за ўсе часы. Такой еднасьцi з публiкай i энэргетычнай моцы сустрэнеш ня часта. Спадзяюся далей будзе болей! Яшчэ раз хачу падзякаваць нашым прыхiльнiкам за такую моцную падтрымку i любоў, а таксама ўсiм тым, хто спрычынiўся да нашага вiдэапэрформансу — рэжысэру i апэратару Сяргею Дрэвалю, танцорам з школы „Арэлi“ i, канечне ж, усiм слухачам BS, якiя ўзялi ўдзел у здымках!»
Плён сваёй працы гурт BosaeSonca прэзэнтуе на Tuzin.fm. Відэа возьме ўдзел у галасаваньні ад 1-га тура новага музычнага сэзону.
BosaeSonca — У маёй галаве (Blues), рэжысэр Сяргей Дрэваль
Tuzin.fm, фота Анастасіі Арол
>
BosaeSonca зараз яўна на творчым уздыме. Прыемна назіраць!
+. Хораша.
КАМЕНТАВАЦЬ