Давай на раз, два, тры
43184 / 0
24.10.2013

Халоднае восеньскае відэа ад гурта Hurma

Гурт Hurma прадстаўляе ў відэачарце на Tuzin.fm кліп на новую песьню «Давай на раз, два, тры». Музыкі, якія з год таму вырашылі ўзяцца за стварэньне нацыянальнага музычнага брэнду, вярнуліся да свайго фірмовага «халоднага» гучаньня. Такім выйшаў і ролік.

Гурт Hurma якраз пад канец гэтага году спраўляе год сваёй дзейнасьці. Музыкі заявілі пра сябе з дапамогай першага сынглу «Шукай», які неўзабаве трапіў на складанку «Рок-танцы славян» разам з  Gogol Bordello і «Океаном Ельзи». Тады ў інтэрвію Tuzin.fm лідэр гурта Мікіта Найдзёнаў заявіў пра свае амбітныя пляны: «Складана ўявіць, каб «Океан Ельзи» сьпяваў не па-ўкраінску, ці Rammstein не па-нямецку. Сёньня нашы гурты даводзяць, што па-беларуску можа добра гучаць ня толькі фольк, але і поп-рок, і панк, і альтэрнатыва. Мы хочам таксама ствараць гэты нацыянальны брэнд».

У сваім кліпе на новую песьню «Давай на раз, два, тры» гурт вяртаецца да свайго фірмовага «халоднага» гучаньня. Таму і кліп атрымаўся такі па-восеньку халодным ды без аніякага хэпі-энда. . Ідэя і сцэнарый роліка належыць Максіму Зайцаву, а рэжысэрам ды апэратарам стаў студэнт Акадэміі мастацтваў Дзьмітры Ляўкоўскі. «У гэтым творы апавядаецца пра зваротны адлік адносінаў, пра маўчаньне, якое зразумелае толькі дваім. У гэтым творы -  нястрыманыя абяцаньні скончанай гісторыі», - гэтак прадстаўляе сваю новую песьню Мікіта.

Hurma - Давай на раз, два, тры (рэжысэр - Дзьмітры Ляўкоўскі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

SB, «Тузін Гітоў»

Тэгi: