Лянота
5026 / 2
29.11.2016

«Кальмары». Цяпер акустычныя

Гурт «Кальмары» прэзэнтуе на Tuzin.fm кліп на сваю новую песьню «Лянота». Лідэр каманды Сяржук Машковіч вырашыў зьмяніць гучаньне на больш камэрнае.

Мера гэтая вымушаная — пакуль астатнія ўдзельнікі «Кальмараў» маюць сямейныя клопаты, Сяржук вырашыў ісьці далей. Новы сынгл на песьню «Лянота» запісаны з дапамогай акустычнай гітары. «Мне цікава паспрабаваць такое камэрнае гучаньне, але маю намер у будучыні вярнуцца да нашага фірмовага саўнду — электрычнасьць з духавымі», — кажа лідэр «Кальмараў». Музыка цяпер шукае новых музыкаў у Менску і гатовы пераехаць з роднай Бярозы ў сталіцу, каб аднавіць актыўнасьць свайго гурта.

На свой новы твор акустычныя «Кальмары» зьнялі такі ж мінімалістычны ролік на вадасховішчы ў Сяльцы. «Няхай ён зроблены без укладаньня грошай, але тым ня менш было імкненьне надаць яму хатняй і душэўнай атмасфэры, трошкі пасьцябацца з гэтага пачуцьця — ляноты. Маўляў, нехта там адцягваецца ў клюбах, ходзіць па рэстарацыях ды езьдзіць на моры-акіяны, а некаму добра і на сваёй канапе дома адпачыць», — сказаў Сяржук Машковіч з нагоды прэм’еры відэа на Tuzin.fm.

Песьня «Лянота» запісананая на студыі Stinger Record у Паўла Яноўскага. Відэа на яе зьняў Аляксей Зайцаў. У кліпе акрамя Сержука задзейнічаны Генадзь Чарныш, Алесь Зайцаў і Юлія Навумчык.

Песьню «Лянота» можа паслухаць і спампаваць на аўдыёканале «Tuzin. Streaming_Belarus»

 Кальмары — Лянота (рэжысэр Алесь Зайцаў). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: