Ліпычка
2856 / 0
02.02.2019

By Cry запрашаюць на вячоркі

Гурт By Cry у новым туры відэачарту на TuzinFM прэзэнтуе кліп на песьню «Ліпычка», у якім імкнецца зламаць стэрэатып пра тужлівую беларускасьць.

Кліп на песьню «Ліпычка» — першы, які гурт здымаў не самастойна, а ў сутворчасьці зь сябрамі з арт-студыі Piligrim. Іх зьяднала любоў і захапленьне роднай культурай. Натхнёныя творчасьцю адзін аднога, музыкі і мастакі сышліся разам, каб стварыць нешта новае для сябе. «Мы хацелі ў нашым відэа супрацьпаставіць шаблоннаму ўспрыняцьцю тужлівай беларускасьці вобраз сьвята, радасьці, весялосьці ў самых яскравых фарбах!» — тлумачыць лідэрка Аляксандра Грахоўская.

Дзея ў кліпе адбываецца ў той час, калі на беларускай вёсцы сканчаецца цяжкі земляробчы год і пачынаецца адпачынак. Тады і ладзяцца вячоркі. Атмасфэру гэтага сьвята і перадаюць музыкі ў кліпе. «Вячоркі ладзілі маладыя ды нежанатыя ў даўгія вечары ўвосень і ўзімку. Дзяўчаты прыносілі невялікі пачастунак, пасьля якога ўсе сьпявалі, жартавалі ды танчылі пад гармонік ці скрыпку», — кажа Аляксандра.

Над кліпам працавалі Аляксандра Грахоўская, Міхась Аракчэеў, Кацярына Аракчэева, Алег Гірэль. Музыкі таксама дзякуюць Студэнцкаму этнаграфічнаму таварыству за прадастаўленыя беларускія строі.

By Cry — Ліпычка (рэжысэры — Аляксандра Грахоўская, Міхась і Кацярына Аракчэевы, Алег Гірэль)

TuzinFM