Drevy i cieni
581 / 0
10.08.2019

Дыхаць! Кліп zolki band у падтрымку экапратэстаў у Берасьці

Гурт zolki band прэзэнтуе ў відэачарце на TuzinFM кліп на песьню «Drevy i cieni», прысьвечаны берасьцейцам, якія паўсталі супраць будаўніцтва ў горадзе акумулятарнага завода.

Сваё відэа музыкі зьнялі на знак салідарнасьці з удзельнікамі экапратэстаў, якія ўжо больш за год ідуць у Берасьці. «Толькі Салідарнасьць можа дапамагчы ў змаганьні за права дыхаць чыстым паветрам. І толькі Салідарнасьць можа дапамагчы ў вайне Людзей супраць пярэваратняў», — кажа лідэр гурта Рома f.s.t. Музыка кажа, што абураны сярэднявечным цемрашальствам і нахабствам чыноўнікаў, бязьмежжам і хамствам міліцыянтаў ды ілжывымі сьведчаньнямі ў судах супраць удзельнікаў экапратэстаў, таму вырашыў выказацца. У апісаньні да відэа даюцца спасылкі па тэме.

Відэа здымалі ў Менску на даху аднаго з вытворчых будынкаў у Ленінскім раёне. Рэжысэрам выступіў сам Рома f.s.t., а здымаў апэратар і відэограф Pax Media.

Песьня «Drevy i cieni» ўвайшла ў новы альбом «Sort Sort Night (Частка першая, у якой назіральнік не разумее)», рэліз якога заплянаваны на 15 верасьня 2019 году.

zolki band — Drevy i cieni (рэжысэр — Рома f.s.t.)

TuzinFM