Даруй
165 / 0
12.10.2020

«Краіна сноў, дзе попел і снег» — J:морс просяць прабачэння ў песні

Гурт J:морс прэзентуе ў новым туры відэачарта TuzinFM кліп на песню «Даруй» — яна папярэднічае новаму альбому

Удзельнікі гурта J:морс за апошнія месяцы неаднаразова далучаліся да супраціву творцаў. Адным з яго крокаў стала песня «Даруй», якая выйшла напачатку верасня:  

— Усё, што сёння выклікае ў нас лютасць, боль, страх адбывалася ў краіне і раней... Нізкі паклон тым, хто ўжо дзесяць, пятнаццаць і дваццаць гадоў таму знаходзіў у сабе сілы, перамагаючы страх, рызыкуючы і ахвяруючы сабой, змагацца за нас усіх, — піша на сваёй старонцы лідар гурта Уладзімір Пугач.

Аператарам кліпа быў Сцяпан Макоўскі, а мантажом займаўся Яўген Сінічэнка.  

— У беларусаў высокі болевы парог. Мы і сапраўды спакойныя і цярплівыя людзі. Спатрэбіліся дзесяцігоддзі, каб падняць галовы і зладзіць пераклічку нацыянальнага маштабу, — распавядае Пугач.

Пасля сінгла «Даруй» музыкі абяцалі выпусціць новы альбом. Дату рэліза пакуль не агучваюць, але кажуць,  што гэта адбудзецца да канца восені. 

 

J:морс — Даруй 


Мы такія запаволеныя,

Калі за вокнамі манахром

І незалежныя светлафоры.

Плынь накрые нас, і зноў цішыня.

І мы спыняем, хто на сезон,

Хто на гады,

А хто назаўжды

Свае маторы.

Даруй!

Я ўзнімаю твар угару.

Даруй!

Я не губляю маю мару.

Даруй,

Краіна сноў, дзе попел і снег.

Даруй, даруй мне!

Дзень праз вокны ў халодны пакой,

Як усе, што мы рабілі дарма

І так у выніку было лепей.

Мне самотна, ты мяне супакой.

Ты нават не чакала сама,

Як мала цяпла,

Як мала святла

У маім сусвеце.

Даруй!

Я ўзнімаю твар угару.

Даруй!

Я не губляю маю мару.

Даруй,

Краіна сноў, дзе попел і снег.

 

Даруй, даруй мне!