Быў. Ёсць. Буду.
283 / 0
22.10.2020

«Быў. Ёсць. Буду» — Irdorath увасобілі ў музыку верш Караткевіча

Гурт Irdorath прэзентуе кліп на песню «Быў. Ёсць. Буду» — гэта кампазіцыя на верш Караткевіча, якая амаль ніколі не выконваецца на канцэртах.

Беларускі фэнтэзі-фолк гурт Irdorath выпусціў відэакліп на трэк «Быў. Ёсць. Буду». Гэта песня на верш Караткевіча была запісаная больш за 5 гадоў таму і ўвайшла ў альбом «Dreamcatcher»

— Мы амаль ніколі яе не выконвалі на канцэртах, таму што звычайна гэта нейкія фестывалі, весялосць, а песня, скажам так, не зусім вясёлая. Цяпер усё так склалася... З усёй нашай творчасці гэтая песня лепш за ўсё трапляе ў цяперашнюю сітуацыю. Таму мы выпусцілі яе асобным відэа, — распавядае салістка гурта Надзея Ірдарат.

Здымаў кліп Аляксандр Алейнікаў, а мантаж рабіла сама Надзея.

У «Быў. Ёсць. Буду» дужа цікавая гісторыя стварэння:

— Калі ў мяне з'явіўся хардзі-гардзі, — кажа Надзея, — не было чалавека, які мог бы навучыць мяне на ім граць. Я сядзела дома і грала арпеджыа, а на кампе быў адкрыты верш Караткевіча «Быў. Ёсць. Буду», таму што я люблю яго і перыядычна чытаю яго вершы. Мы жылі тады на высокім паверсе, неба было цёмнае, у хмарах, а пасля раптоўна з'явілася вясёлка, колер быў такі яркі. Я грала гэта арпеджыа і проста стала напяваць «Быў, ёсць, буду», а потым проста чытаць гэты верш. Усё так супала. Я патэлефанавала хлопцам і сказала: «Сёння прынясу нешта на рэпетыцыю».

Па выніку музыкі амаль нічога не змянілі ў песні — толькі дадалі барабанны рытм, які нагадвае стук сэрца. Хоць былі пэўныя складанасці:

Слова «быў» цяжка прапяваецца  мы не супер-вакалісты, а простыя смяротныя. Але мы вырашылі ўсё так пакінуць. Можа быць, атрымалася не паводле правілаў, але па-чалавечы.

Нядаўна ў Irdorath выйшла яшчэ адно відэа — «Крылы» прысвяцілі ўсяму народу Беларусі, і асабліва жанчынам, якія праяўляюць сапраўдную сілу і стойкасць духу. 

Больш музыкі і навін гурта можна знайсці ў іх сацыяльных сетках


Irdorath — Быў. Ёсць. Буду. (словы Уладзіміра Караткевіча) 


Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх.


За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,

Хто ў гарачым пекле металу,

За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,

За жывых і за тых, што сканалі.


За ўсіх, хто крывёю піша

Ў нязгодзе

З рабства подлай дарогай,

Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы

Паўстане нават на Бога.


За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак,

Хто ратуе краіну ад краху,

За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы

З барыкады,

З пушчы

I з плахі.


Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,

З яе усмешкаю ветлай,

I ўсё ж узводзіць — нясцерпна далёкі —

Храм наш агульны і светлы.


А калі ён горда заззяе ў зеніце —

Непарушны — ўзнясецца ў неба,

Вы з распятага сэрца кроплю вазьміце.

Апошнюю.

Болей не трэба.


I няхай яна збоку, недзе на ганку,

Дагарае й дзяцей не страшыць.

На граніце любові,

На граніце світанку,

На граніце велічы вашай.