1883 / 0
16.07.2014

«Рок-салідарнасьць»: «Цэнзараў трэба высьмейваць» (конкурс)

Кампанія «Рок-салідарнасьць» абвесьціла конкурс творчых працаў, прысвечаны забароненым музыкам.

Арганізатары кампаніі канстатуюць, што «нягледзячы на адносную адлігу, у Беларусі застаюцца забароненыя музыкі». Тут маюцца на ўвазе праблемы, зь якімі апошнім часам сутыкнуліся гурты Pet Nihil і Amaroka. «Мы заклікаем не паддавацца адчаю, а высьмейваць самадурства цэнзараў ад культуры праз народную карыкатурную творчасьць», — вядзецца ў афіцыйным паведамленьні кампаніі. Фармат працы можа быць які заўгодна — малюнкі, карыкатуры, вершы, аповеды, песьні, альбо проста цікавая ідэя. Усе ўдзельнікі атрымаюць падарункі ад арганізатараў конкурсу (дыскі, майкі, плакаты беларускіх гуртоў), а аўтары найлепшых працаў — адмысловыя прызы ў выглядзе абанэмэнту на канцэрт беларускіх гуртоў на працягу году. Дасылаць свае працы можна на мэйл: rok.salidarnasc@gmail.com да канца жніўня.

«Рок-салідарнасьць» — грамадзкая кампанія ў падтрымку рок-музыкаў, якія трапілі ў «чорны сьпіс». Яна створаная 10 сьнежня 2011 году актывістамі грамадзкіх арганізацыяў і аматарамі айчыннай рок-музыкі. Актывісты кампаніі інфармуюць насельніцтва пра так званыя «чорныя сьпісы» і пра забароны канцэртаў, раздаюць дыскі беларускіх выканаўцаў, вядуць перапіску з чыноўнікамі, ладзяць выступы айчынных музыкаў і флэш-мобы.

Tuzin.fm

за тры месяцы
за тры месяцы