Алегу «Джагеру» Мінакову — 50! (аўдыё)
2501 / 0
21.07.2014

Алегу «Джагеру» Мінакову — 50! (аўдыё)

Сьпеваку, якога называюць першым беларускім шоўмэнам, 21 ліпеня спаўняецца 50 гадоў!

Алег Мінакоў нарадзіўся на Койданаўшчыне, у пасёлку Узда. У пяць гадоў яго бацькі перабраліся ў Барысаў. З маленства хлопец усур’ёз зацікавіўся музыкай. Алег назаўжды запомніў сваю першую кружэлку, якую ён набыў у 1976 годзе. Гэта быў альбом Карласа Сантаны «Abraxas». У музычнай школе ён вывучаў клясычную гітару, але так да канца і не давучыўся, бо палічыў клясычную музыку справай сумнай, яго цягнула ў рок-н-рол. Першы гурт Мінакова зваўся В.О.З., які ўтварыўся ў 1980 годзе, калі яму было 16. Аднак у бацькоў музыкі быў іншы погляд на яго будучыню, таму хлопца выправілі вучыцца ў менскую вышэйшую ваенна-палітычную вучэльню. Да актыўнай музычнай дзейнасьці Мінакоў вярнуўся ў 1987 годзе, калі яго паклікалі вакалістам у гурт «Квінта». Пасьля быў гурт «Праспект», што працаваў пры беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Праўда, неўзабаве Алега зь філярмоніі выгналі — за празьмерны інтарэс да ангельскамоўнай музыкі. Але бяз працы таленавіты вакаліст не застаўся. У 1990 годзе Віктар Смольскі запрасіў яго ў гурт «Инспектор», які на той час ужо практычна атабарыўся ў Нямеччыне. Пасьля расколу каманды Джагер вярнуўся ў Беларусь і заснаваў уласны праект Rouble Zone, які за некалькі гадоў дасягнуў вялізарнай папулярнасьці. Пікавы момант быў у 1996 годзе. Тады «Rouble Zone» пры спрыяньні Ўладзімера Мулявіна прадставіў краіну на конкурсе «Славянскі базар», сыграў на разагрэве Deep Purple на стадыёне «Дынама», паўдзельнічаў у фэсьце «Таўрыйскія гульні», атрымаў галоўны прыз і яшчэ перамогі ў дзьвюх намінацыях на «Рок-Каранацыі» і запісаў узорны блюз-рокавы CD «Put Your Money… Now!». Але нечакана для ўсіх Джагер распускае гурт і зьязджае ў Бэльгію. Як патлумачыць потым музыка, яму захацелася пачаць усё з нуля, у іншых абставінах і зь іншымі людзьмі.

З канца 90-х Алег бярэ ўдзел у эўрапейскіх фэстывалях і тэлешоў, аб’езьдзіў з канцэртамі Бэльгію, Францыю, Нямеччыну, Нідэрлянды, Люксэмбург, Манака. Сьпявак зь Беларусі неяк падлічыў, што толькі ў Парыжы выступіў за гэты час 17 разоў. Да ўсяго ён стварае песьні для мясцовых поп-зорак, працаваў з Ксаўерам Клэйтанам, аўтарам песень 2 Unlimited і Дэвіда Гуэты.

Цікава, што па-беларуску ўпершыню Алег засьпяваў толькі ў 2011 годзе, калі запісаў для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» беларускую вэрсію песьні «Day Without Your Love» («Дзень бяз чар тваіх») у перакладзе Сяргея Балахонава. Мінакоў кажа, што хоць ужо доўгі час жыве ў іншай краіне, самыя цёплыя пачуцьці ў яго выклікае Беларусь — самая дарагая частка сьвету.

Tuzin.fm віншуе Алега з 50-годзьдзем і зычыць далейшага плёну і натхненьня!

Tuzin.fm