2632 / 0
21.07.2014

Dzieciuki зьнялі кліп пра антысавецкі супраціў (відэа)

Пабачыла сьвет новае відэа гарадзенскага гурта на песьню «Лясныя браты».

Гарадзенскі гурт працягвае ўвасабляць у відэа песьні. Сьледам за анімаваным кліпам «Ладзьдзя роспачы» пабачыла сьвет праца рэжысэра Антона Цялежнікава, зьнятая на песьню «Лясныя браты» з альбому «Гарадзенскі гармідар», прэзэнтаванага на Tuzin.fm. Здымкі адбываліся ў лясах пад Горадняй, ля мяжы зь Літвою. У якасьці актораў выступілі самі музыкі. Вакаліст гурта Алесь Дзянісаў кажа, што песьня і відэа распавядаюць пра беларускі нацыянальны супраціў падчас другой сусьветнай вайны — тэму, пра якую дагэтуль баяцца казаць уголас: «У Заходняй Беларусі ня так шмат людзей прызнавалі Саветы, пры гэтым казаць, што яны падтрымлівалі немцаў таксама нельга. Гэта песьня пра тых, хто хацеў, каб у Беларусі быў мір і спакой. І лічыў што камуністаў, што нацыстаў, аднолькавым злом».

Прэм’ера кліпа на песьню «Лясныя браты» адбылася на тэлеканале «Белсат». Цікава, што аўтарам словаў да яе стаў кіраўнік інфармацыйнай службы гэтага каналу Аляксей Дзікавіцкі. Неўзабаве Dzieciuki прадставяць яшчэ адно новае відэа на песьню «Сумнае рэгі».

Tuzin.fm