Віталь Зыблюк: «„Басовішча“ ўратуе эўрапейскі хэдлайнэр» (відэа)
2771 / 0
25.07.2014

Віталь Зыблюк: «„Басовішча“ ўратуе эўрапейскі хэдлайнэр» (відэа)

Фэстываль музыкі маладой Беларусі прайшоў у 25 раз у польскім Гарадку.

На юбілейным «Басовішчы» выступілі знакавыя беларускія гурты: «Крама», этна-трыё «Троіца», :B:N:, Re1ikt, IQ48, Znich, лідэры новай хвалі Litvintroll, Nizkiz, Avias, «Тлушч», а таксама госьці з Украіны «Гайдамаки», R.U.T.A. з Польшчы ды іншыя. Галоўнай цікавосткай фэсту стала прэзэнтацыя праекту AB-BA Orkiestra ў межах якога беларускамоўныя дзеткі зь Беластоку выканалі знакавыя беларускія гіты разам з айчыннымі рокерамі — Лявонам Вольскім, Ігарам Варашкевічам, Аляксандрам Памідоравым. Дазвол на выкананьне сваіх песень ня даў адзін толькі Вячаслаў Корань. Лідэр Ulis патлумачыў адмову тым, што ня хоча мець ніякіх адносінаў да цяперашняга фэсту.

Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» і былы гітарыст гурту Parason, які стаў пераможцам «Басовішча» ў 2006 годзе Віталь Зыблюк ­— заўсёднік фэсту. Сёлета ён быў у Гарадку 15-ы раз. «У свой час патрапіць на „Басовішча“ і асабліва выйграць у конкурсе было вельмі важна. Гэта быў такі брэнд: калі ты перамог у конкурсе ці ўдзельнічаў у фэсьце, азначала, што ў Беларусі ты топ-гурт. „Басовішча“ адкрывала імёны, чаго ня робіць цяпер. Мы ў Менску цяпер бачым зорак большай велічыні, чым сёньня граюць на „Басовішчы“. То бок Беларусь разьвілася нашмат больш, а „Басовішча“ засталося на сваім ранейшым узроўні. Калі я магу схадзіць у Re:Public на Sepultura, а на „Басовішчы“ бачу тое самае, што бачыў 15 гадоў таму, гэта азначае, што фэстываль проста знаходзіцца ў застоі і не разьвіваецца», — зазначыў Віталь у сваім камэнтары. На яго думку, фэст уратуе добры эўрапейскі хэдлайнэр, магчыма нейкім чынам зьвязаны зь Беларусьсю. У якасьці прапановы Зыблюк агучыў вядомы нямецкі гурт Rage, у якім грае колішні гітарыст «Мроі» Віктар Смольскі.

Tuzin.fm