Віталю Супрановічу — 35!
1547 / 0
14.08.2014

Віталю Супрановічу — 35!

Слынны беларускі прадусар адзначае юбілей.

Віталь Супрановіч нарадзіўся 14 жніўня 1979 году ў Менску. Большасьць свайго жыцьця займаецца прасоўваньнем беларускай музыкі. Ужо ў 16 гадоў заснаваў лэйбл «Беларуская музычная альтэрнатыва» (БМАgroup). У 2003 годзе скончыў унівэрсытэт культуры па спэцыяльнасьці «мэнэджмэнт сацыякультурнай сфэры». Менавіта каманда лэйблу БМА-група стала выдаваць дыскі беларускіх выканаўцаў прамысловымі накладамі ды ініцыяваць уласныя музычныя праекты. Віталь Супрановіч быў прадусарам шматлікіх музычных праектаў, сярод якіх «Вольныя танцы», «Альтэрнатыва.by», «Генэралы айчыннага року», «Viza N.R.M.», складанкі на вершы Ларысы Геніюш, Сержука Новіка-Пяюна, перавыданьня на CD першых альбомаў гурта Ulis… Усяго Віталь спрычыніўся да выданьня 150 дыскаў, зладзіў тысячы канцэртаў і дзясяткі фэстываляў, сярод якіх «Be Free», «Купальскае кола», «Калядны фэст», «Дударскі фэст», «Грунвальдзкі фэст» ды іншыя. За сваю дзейнасьць у музычнай сфэры быў прызнаны «Чалавекам году» па вэрсіі газэты «Наша Ніва» (2003).

Tuzin.fm з прыемнасьцю супрацоўнічае зь Віталём усе свае 11 гадоў існаваньня. Зычым прадусару плёну, імпэту, аптымізму і сямейнага шчасьця!

Tuzin.fm