2051 / 0
21.08.2014

Віктар Сямашка выдаў альбом, які лічыць асабістай вяршыняй (аўдыё)

Пабачыў сьвет альбом «Апалонік з рондаля», які запісаў праект Віктара Сямашкі Paradox-ensemble.

Paradox-ensemble зьяўляецца «хатнім» праектам музыканта, паэта й радыёвядоўцы Віктара Сямашкі, аўтара рубрыкі !OUT на Tuzin.fm. Ён называе яго «ўзорам беларускага анты-джазу» і сваёй асабістай творчай вяршыняй. Па-сутнасьці, гэта музычная містыфікацыя, бо няма ніякага ансамблю — на ўсіх інструмэнтах грае сам Віктар: «Мне папросту захацелася зрабіць музыку, якой мне вельмі не хапае ў Беларусі. Сапраўды, прасьцей зрабіць самому, чым чакаць на тое, што мусіла быць запісаным яшчэ напрыканцы 1960-х», — заяўляе музыка. Колькасьць выкарыстаных у альбоме інструмэнтаў не паддаецца падліку: разнастайныя акадэмічныя й народныя духавыя (у тым ліку набор блёк-флейтаў ад басу да сапраніна), віетнамская, тайляндзкая, арабская й афрыканская пэркусія, сярод клявішных — фартэпіяна й мэлёдыка, сярод струнных — электрагітара й бас-домра.

Знаўцам будзе заўважны ўплыў савецкага й постсавецкага авангарду (трыё Ганеліна, Гайваронскі, Курохін, Воўкаў, Летаў), а таксама амэрыканскай джазавай суполкі AACM (Брэкстан, Тэйлар, Джарман). Акром разнастайных гатункаў джазу, выкарыстоўваюцца элемэнты барока, акадэмічнае музыкі ХХ ст., этнічныя матывы розных народаў. Увесь матэрыял для альбома быў запісаны напрыканцы кастрычніка 2013 году. Гукасэсія адбывалася ў вёсцы Гарані пад Менскам у доме, які часова вызвалілі жыхары. На зьвядзеньне пайшоў увесь студзень. Астатні час заняў майстарынг і візуальнае аздабленьне кружэлкі.

Прэзэнтацыі альбому жыўцом ня будзе. Віктар кажа, што выявіў усе свае кампазыцыйныя ды выканальніцкія здольнасьці, якія назапасіліся на момант запісу. На канцэртах дамагчыся такога выніку немагчыма.

Паслухаць і спампаваць альбом Paradox-ensemble «Апалонік з рондаля» можна на сайце Ultra-music. CD-вэрсія альбома прадаецца ў кнігарні «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасці, 37а). Ранейшыя запісы Paradox-ensemble можна паслухаць тут.

Tuzin.fm

за тыдзень
за тры месяцы