Пачаўся прыём заяваў на фэст «Бардаўская восень — 2014» у Польшчы
3534 / 0
26.08.2014

Пачаўся прыём заяваў на фэст «Бардаўская восень — 2014» у Польшчы

Арганізатары адбору пэўныя ў тым, што 21-ы фэст беларускай аўтарскай песьні, які праводзіцца ў Польшчы, станецца прарыўным.

Летась фэст «Бардаўская восень» справіў 20-годзьдзе, з гэтай прычыны традыцыйны конкурс сярод маладых выканаўцаў не праводзіўся. Сёлета фэст пройдзе ў клясычным фармаце і ўжо абвешчаны прыём заяваў для ўдзелу. Кіруе беларускім адборам музыка Алесь Кот-Зайцаў. У камэнтары для Tuzin.fm ён адзначыў: «Сёлета мне пашчасьціла быць у складзе журы конкурсу „Засьпявай.BY“, таму магу дакладна сказаць, што за час, што прамінуў зь мінулага конкурсу „Бардаўскай восені“, таленавітых маладых выканаўцаў у нас зьявілася нямала. Тыя ж удзельнікі „Засьпявай.BY“ могуць пасьпяхова прадставіць сваю творчасьць у конкурснай праграме „Бардаўскай восені — 2014“. Думаю, што будзе адкрыта нямала і зусім новых імёнаў. Я па-добраму не зайздрошчу журы, бо прадчуваю, што выбар будзе няпросты».

Каб узяць удзел у конкурсе «Бардаўскай восені — 2014», трэба да 12 верасьня даслаць дэма 1—2 песьні, фота і свае кантакты на афіцыйную скрыню конкурснага адбору vosien2014@gmail.com. Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца выключна аўтарскія музычныя творы на беларускай мове на ўласныя вершы, альбо на вершы беларускіх паэтаў, выкананыя ў акустычным фармаце. Першы этап конкурснай праграмы «Бардаўскай восені — 2014» пройдзе ў фармаце адборачнага канцэрту ў Менску 14 верасьня ў бар-клюбе «ДК». Па выніках канцэрту будуць вызначаныя канкурсанты, якія пазмагаюцца за перамогу на фэстывалі. «Бардаўская восень» адбываецца ў апошнія выходныя кастрычніка ў Бельску, Беластоку ды навакольных мястэчках Падляскага рэгіёну Польшчы. У розныя часы пераможцамі фэсту былі Вольга Акуліч, Тацяна Беланогая, Паліна Рэспубліка, гурты Re1ikt і «Нельга забыць».

Tuzin.fm