У Менску пройдзе сапраўдны фэст гарадзкой культуры
1944 / 0
09.09.2014

У Менску пройдзе сапраўдны фэст гарадзкой культуры

З 15 па 18 верасьня ў Менску адбудзецца чатырохдзённы фэстываль гарадзкой культуры «sтARTup».

Вельмі часта фэстывалем ў Менску называюць звычайны зборны клюбны канцэрт з трох гуртоў. Аднак гэта ніяк не датычыцца 1-га фэстывалю гарадзкое культуры sтARTup. Чаму яго можна назваць сапраўдным фэстам? Па-першае, фэстываль пройдзе ў Палацы мастацтваў у Менску. Будуць задзейнічаныя другі і трэці паверхі, а таксама ўнутраны дворык. Па-другое, дзея будзе доўжыцца цягам чатырох дзён — з 15 да 18 верасьня з 15:00 да 22:00. Па-трэцяе, паводле папярэдніх падлікаў у фэсьце возьмуць удзел з два дзясяткі гуртоў, а таксама паэты, танцоры, рамесьнікі, тэатры, заплянаваныя майстар-клясы ды пэрформансы, атракцыёны 3D-графікі й самапрэзентацыі культурніцкіх праектаў. Па-чацьвертае, форум прадугледжвае шырокую жанравую палітру: мэйнстрым (15 верасьня), авангард (16 верасьня), гістарычная рэканструкцыя (17 верасьня), традыцыйная культура (18 верасьня).

Арганізатар фэсту Міхал Бараноўскі, вядомы з гурту «Нельга забыць», кажа: «Лічу гэтую справу патрэбнай і вартай таго, каб выдаткаваць на яе свой час і энэргію. У нас поўна цікавых людзей і праектаў, але за малой колькасьцю пляцовак і крыніц данясеньня інфармацыі да публікі, ведае іх ня так шмат людзей, як яны заслугоўваюць».

Калі аўдыторыя й выступоўцы падрымаюць ідэю, то фэстываль «sтARTup» зробіцца рэгулярным. Уся праграма з апошнімі абнаўленьнямі даступная тут.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm