2383 / 0
09.10.2014

Два 20-годзьдзі ў адзін дзень: Hok-key і N.R.M. маштабна справяць 7 лістапада

Беларускія гурты Hok-key і N.R.M. ударна адзначаць дзень кастрычніцкай рэвалюцыі.

Мэтал-гурт Hok-key сваё 20-годзьдзе вырашыў адзначыць у моладзевым тэатры эстрады вялікім канцэртам у двух аддзяленьнях. У першым выступіць ВІА «Скіфы» — забаўны кавэр-калектыў, які грае ўсё: ад песень Мулявіна і Антонава да «Сектора газа» з Сукачовым, а таксама гурт Unia (ня блытаць з аднайменным хорам!). У другой частцы выйдзе гурт Hok-key. Музыкі кажуць, што рыхтуюць на гэты вечар унікальную праграму, якая больш ніколі не паўтарыцца. Дзеля гэтага ўзьнятыя даўнія песьні, якія ня граліся шмат гадоў ды запрошаныя вакалісты розных гадоў. Вядома ж, прагучаць песьні і з апошняга альбому каманды — «Знак бяды».

Старонка падзеі

7 лістапада сваё 20-годзьдзе мяркуе адзначыць і гурт N.R.M.  У гэты ж дзень, да ўсяго 48 гадоў споўніцца цяперашняму франтмэну каманды Піту Паўлаву. У клюбе «Піраты» з гэтай нагоды заплянаваны вялікі канцэрт, на якім сыграюць гурты-ўдзельнікі новага трыб’юту слыннай беларускай каманды ды самі юбіляры ў фармаце трыё. Удзел у канцэрце колішняга вакаліста каманды Лявона Вольскага не плянуецца.

Старонка падзеі

Восень наогул багатая на юбілеі беларускіх камандаў. 10-годзьдзе адзначаюць «Рокаш» і Naka, 15-годзьдзе — «Стары Ольса», «J:морс», :B:N: i Sciana, 25 гадоў толькі што справіў Neuro Dubel.

Tuzin.fm